Улады хочуць знесці евангельскую царкву ў Менску


Такім бачаць свой малітоўны дом у раёне Сухарава вернікі евангельскай царквы «Новае жыццё». Яны маглі б пабудаваць яго тут, на месцы старога. Улады ж бачаць на гэтым месцы школу або паліклініку для новага кварталу, які мае паўстаць побач. Сёння праект новай забудовы прэзентавалі жыхарам раёну.

Апроч царквы, паводле плану, пад знос трапляюць каля 80-ці прыватных жылых дамоў.

«Нас пераконвалі ўлады, што тут ахоўная зона рэчкі Мышкі: будуйцеся, тут ахоўная зона, і вас ніхто не кране». «Ніхто не пытаўся ні ў кога, ні ў нас – прыватнага сектару, ні ў тых, хто прыедзе жыць. А галоўнае – нам не кажуць праўды, што будзе пасля гэтага ўшчыльнення», – кажуць жыхары прыватнага сектару.

Незадаволеныя праектам і вернікі царквы «Новае жыццё». Яны калісьці выкупілі тут будынак вясковага кароўніка ды перабудавалі яго для сваіх патрэбаў.

«У гэтае месца, дзе стаіць царква, мы ўклалі шмат працы, калі чысцілі кароўнік, калі будавалі, калі добраўпарадкавалі ля кароўніка», – гаворыць Ала Акімава, верніца царквы «Новае жыццё».

Улады ўжо зрабілі некалькі спробаў забраць будынак царквы, але вернікі, зладзіўшы пасты-галадоўкі, свой малітоўны дом адстаялі. Царква працуе, хоць юрыдычна будынак цяпер належыць ЖРЭА Маскоўскага раёну. Вернікі ўвесь час спрабуюць размаўляць з уладамі пра яго лёс, але да адзінага меркавання так дагэтуль і не прыйшлі. Не прапанавалі ім і альтэрнатыўнага месца для новай царквы. Віталь Антончыкаў, адміністратар царквы:

«Мікрараён будуецца. Натуральна, патрэбныя і школа, і паліклініка. Але, на наш погляд, нельга будаваць усё, што тут патрэбнае, коштам царквы. Я думаю, што ў Менску дастаткова месца, каб пабудаваць і школу, і садок, і пакінуць царкву».

Палітык, сустаршыня БХД, Павал Севярынец лічыць знос малітоўнага дому не проста наступствам ушчыльнення гораду, а адмысловай акцыяй уладаў:

«Гэтая царква – тэрыторыя свабоды. І цяпер гэтую тэрыторыю свабоды вырашылі прыбраць, сутыкнуць ілбамі вернікаў з жыхарамі бліжэйшых дамоў».

Палітык заклікае да выяўлення салідарнасці з царквою «Новае жыццё». Салідарнасць патрэбная таксама і жыхарам прыватных дамоў, якія мяркуюць знесці, і жыхарам новазбудаваных шматпавярховікаў без інфраструктуры. Да 7 лютага можна выказаць свае заўвагі да плану забудовы.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu