Улады Горадні пераклалі адказнасць за гістарычныя будынкі на жыхароў


Жыць у Новым Свеце ды яшчэ і на вуліцы Мядовай – пра што яшчэ можна марыць! Хай каралеўскіх палацаў тут і няма, але гэты ціхі гістарычны раён Горадні літаральна патанае ў зеляніне ды поўніцца займальнымі аповедамі пра сваіх былых гаспадароў.

«Новы Свет, у прынцыпе, каштоўны і цікавы не столькі дамамі – там ёсць некалькі ўнікальных будынкаў – у архітэктурным сэнсе, як у гістарычным. То бок памяць пра людзей, якія там жылі ў даваенны час», – зазначыў гісторык Ігар Трусаў.

Між тым, у адрозненне ад польскіх чыноўнікаў, адмыслоўцаў, настаўнікаў ці паліцыянтаў 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя, далёка не ўсім цяперашнім жыхарам Мядовай жывецца соладка. У тым ліку насельнікам трох дамоў, якім яшчэ ў 2011-м годзе быў нададзены статус гістарычна-культурнай каштоўнасці.

«Руйнуюцца сцены, тынкоўка абвальваецца, шпалеры адышлі»

«Падмурак разваліўся, сцены сядаюць, тынкоўка мне на галаву сыпецца! Я не магу адрамантаваць, таму што ўнутры зрабіць рамонт нельга, бо… няма сценаў!».

«Столь увесь час цячэ. Незалежна ад таго, колькі разоў яго падклейвалі, нешта там рабілі, яна ўсё роўна працякае. Адпаведна, усё цячэ па сценах, руйнуюцца сцены, тынкоўка абвальваецца, шпалеры адышлі, усё ў падцёках. Рамонт зрабіць не можам, бо заўтра ён зноўку можа пацячы ў які-заўгодна момант. З-за таго, што перакошаны падмурак, перакошаныя ўсе сцены, перакошаная падлога..».

– абураюцца мясцовыя жыхары.

Пры гэтым жыхары Мядовай скардзяцца, што статус помніка не толькі не прыносіць ім аніякае карысці, але і істотна ўскладняе жыццё. Гарвыканкам настойвае, каб людзі падпісалі абавязальніцтва ахоўваць будынкі, у якіх жывуць.

«На капітальны рамонт грошы здаюцца – рамонт не робіцца! І зараз мы яшчэ павінны адказваць, калі гэты дом разваліцца! А ён жа разваліцца, ён жа не будзе вечны! А грошай у нас таксама няма. Выбачайце, 170 рублёў пенсіі маёй – на капітальны рамонт гэтага дому ну аніяк не хопіць!», – даводзіць Ірэна Канеўшчынская.

Калі жыхары зробяць рамонт, улады іх пакараюць

Зрэшты, жыхарам Мядовай не хопіць пенсіяў і выплатаў па інваліднасці нават на рамонт звычайны – зноўку праз статус будынкаў.

«Усялякі рамонт, нават не самы сур’ёзны: вокны замяніць ці дах падправіць, балазе ў іх канструктывізм, там з дахам заўжды праблемы былі – патрэбны праект. Калі яны яго будуць рабіць без праекту, іх пакараюць. Гэтак уладкаванае беларускае заканадаўства», – тлумачыць гісторык Ігар Трусаў.

То бок як ні круці, усё адно пакараюць – замест таго, каб дапамагчы грамадзянам. І адказаць, урэшце, на пытанне: каму ў нашай краіне ўсё-такі патрэбная гістарычна-культурная спадчына?

Валеры Руселік, «Белсат»