Улады дабіваюць свабоду слова ў Беларусі


Кантролю над сецівам быць. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў амаль адзінадушна ўхвалілі папраўкі ў закон аб медыях. Якім чынам яны будуць рэалізаваныя, падобна, невядома нават аўтарам і прыхільнікам праекту.

Афіцыйна – абарона дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ды нацыянальнай бяспекі. Фактычна – чарговае пагаршэнне іміджу краіны праз звужэнне свабоды слова.

Дзевяноста восем «за» і толькі два «супраць». Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні прынялі папраўкі ў Закон аб медыях.

«Галасавала супраць, прызнаюся шчыра і адкрыта. Я лічу, што новыя законы ці змены ў законах мусяць палягчаць жыццё людзей і прафесійнай супольнасці ў тым ліку, а не пагаршаць або ўскладняць яго», – кажа дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Прыклад бяруць не з лепшых

Прэзентоўваў змены новы міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Сярод ягоных аргументаў – неабходнасць адпаведнасці беларускага заканадаўства расейскаму і казахстанскаму. То бок краінаў, якія ў сёлетнім рэйтынгу свабоды прэсы занялі сто сорак восьмае і сто пяцьдзясят сёмае месца сярод ста васьмідзесяці магчымых.

Сеціва – адзіная прастора ў Беларусі, вольная ад кантролю. З сёння, відаць, актуальна казаць – была адзіная. Прынятыя папраўкі прадугледжваюць блакаванне сацыяльных сетак і забараняюць ананімныя каментары.

Сачыў за паседжаннем медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. Паводле ягоных назіранняў, дэпутаты задалі міністру восем удакладняльных пытанняў.

«Апошняе: якім чынам будзе ажыццяўляцца ідэнтыфікацыя каментатараў? Тут былі разважанні. І потым ужо, пасля таго, як прагаласавалі за гэты законапраект, журналісты запытвалі міністра, якім чынам гэта будзе ажыццяўляцца. Ён тлумачыў, што будзе падзаконны акт, таму цяпер мы не можам сказаць канкрэтна. Але міністр прыводзіў у прыклад ідэнтыфікацыю з дапамогаю СМС, але не выключаў, што могуць быць і іншыя спосабы», – распавядае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

На пачатку красавіка Лукашэнка агучыў загад дзяржаўным медыям. Відаць, пачулі яго і народныя выбраннікі.

«Гэта барацьба за розумы і душы беларусаў. (…) Медыі інфармацыі ператварыліся ў зброю. Гэта зброя больш магутная, чым ядравая. Бо малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае ўсю планету», – казаў Лукашэнка.

Яшчэ адна дубіна ў руках уладаў

Небяспечна даваць такую моц апанентам. Папраўкі ў закон прадугледжваюць рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў як сеціўных выданняў і забарону на распаўсюд прадукцыі замежных медыяў без адпаведнага дазволу.

«Варта быць гатовымі да таго, што тое, што было ў практыцы Беларусі, калі Міністэрства інфармацыі блакавала рэсурсы нават не паведамляючы аб прычынах, якія канкрэтна матэрыялы спрычыніліся да блакіроўкі. Цяпер гэта можа быць ужыта супраць любых медыяў, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт», – засцерагае Алег Агееў, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Папраўкі чакае другое і апошняе чытанне. Але адмыслоўцы зазначаюць – чакаць сенсацыяў у выглядзе адхіленняў ад афіцыйнага курсу не варта.

Лола Бурыева, «Белсат». Фота: rebill.me