Улады Берасця здалі Лукашэнку экзамен па 1000-годдзю гораду


6 верасня 2019 года. Аляксандр Лукашэнка падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Заходняга абыходу Берасця. Фота – president.gov.by

Берасце – адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі – святкуе 1000 гадоў. Кіраўнік дзяржавы яшчэ тры гады таму загадаў падрыхтавацца да юбілею – і сёння прыехаў павіншаваць берасцейцаў ды ацаніць іх працу.

У кампаніі кіраўнікоў гарадскога і абласнога выканкамаў Аляксандр Лукашэнка адкрыў транспартавы Заходні абыход Берасця – патрэбную гораду развязку, дзеля якой, аднак, знішчылі вуліцу Паплаўскага.

Апоўдні кіраўнік краіны накіраваўся ў цэнтр гораду, каб даць старт святкаванню міленіуму, і наведаў Берасцейскую крэпасць.

Відэасюжэт глядзіце ў поўным выданні навінаў за 6 верасня

У забаўляльнай праграме – шмат музыкі ды тэатру з удзелам дзетак.

«У нас на 4 сцэнах праходзяць 10 спектакляў, дзе граюць калектывы з розных краінаў. Мы запрасілі Украіну, Расею, Эстонію, Польшчу, Ізраіль і ўсе нашыя дзяржаўныя тэатры», – кажа арганізатарка фэсту «Кніжны шкап» Кацярына Таберка.

Свята – для берасцейцаў, а для мясцовай вертыкалі – дэдлайн на здачу амаль чатырох дзясяткаў будаўнічых праектаў. Апроч транспартавага кола збудавалі дзіцячы садок, школу, пажарную частку і станцыю хуткай дапамогі, гісторыка-культурны комплекс «Берасце», бензастанцыю, некалькі спартовых аб’ектаў. Ад падмурку выраслі ўладныя будынкі суда, Следчага камітэту і пракуратуры.

Аляксандр Лукашэнка на святкаванні 1000-годдзя Берасця. Фота – president.gov.by

Крэдыт Br 20 млн на выкананне святочнага плану летась выдаў гарадскому бюджэту Берасця Савет Міністраў.

Арганізацыя «За свой горад» патрабавала абнародаваць падрабязную справаздачу аб грошах, вяртанне якіх лажыцца на плечы берасцейцаў. Безвынікова. Затое сёння тысячы берасцейцаў дачакаліся каментара Лукашэнкі ў справе, датычнай акумулятарнага заводу.

«Я, вядома, на баку людзей. Тут з’явіліся ўжо і арыштаваныя, і затрыманыя, і крымінальныя справы, і іншае. На жаль, яны зʼявіліся тады, калі ўся інфармацыя зрабілася здабыткам прэзідэнта», – заявіў Лукашэнка, які больш за год ігнараваў змаганне мясцовых супраць шкоднай вытворчасці ды іхныя просьбы ўмяшацца.

Намаганнямі актывістаў будаўніцтва нібыта спынілі. Але пры гэтым прадпрыемства фігуруе ў дакументах, датычных будучыні беларускай прамысловасці.

«Прыезд Лукашэнкі звязаны з пачаткам выбарчай кампаніі. Ён будзе казаць, што мясцовыя чыноўнікі дрэнныя, ён зноў добры і ведае пра праблемы людзей, якія трэба вырашаць», – кажа Віталь Рымашэўскі з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Каб зменшыць гучнасць набалелых мясцовых пытанняў, менавіта на гэты дзень сілавікі абавязалі прыйсці ў міліцыю, пракуратуру ці Следчы камітэт каля дзесяці актывістаў – крытыкаў улады.

«Мне кампаставалі мазгі, задавалі пытанні, якія не датычаць справы. Потым справы не было. Потым прынеслі справу, 3 гадзіны мяне «мурыжылі»», – распавядае грамадскі актывіст Канстанцін Астапук.

Дзеля бяспекі перакрылі рух на шэрагу вуліцаў, а ў наступныя дні жыхарам некаторых дамоў давядзецца вяртацца дахаты пад наглядам міліцыі.

У наступныя два дні святкаванне працягнецца ўжо без афіцыйнай менскай дэлегацыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»