Аб'ектыў 02.08.2017 Улады адпомсцілі прафсаюзам за дармаедскія пратэсты


Сканфіскаваная тэхніка, выламаныя дзверы, перавернутая мэбля. Вобшук у менскім офісе Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннае прамысловасці цягнуўся шэсць гадзінаў.

Уламаліся сілавікі не толькі ў менскую сядзібу РЭП

Чарговай ахвярай органаў стаў офіс Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў у Салігорску.

Уварваннямі ў памяшканні ды канфіскацыяй тэхнікі сілавікі не абмежаваліся, а затрымалі старшыню Незалежнага прафсаюзу РЭП. Генадзя Фядыніча падазраюць у трыманні грошай на рахунках замежных банкаў і нявыплаце падаткаў.

Камітэт Дзяржкантролю распачаў крымінальную справу

«Падчас праверкі выяўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія стала паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў ЗША). Пры гэтым службовыя асобы прафсаюзу парушылі патрабаванне Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь пра неабходнасць дазволу на адкрыццё рахункаў за мяжою».

Затрымалі прэс-сакратара прафсаюзу РЭП Мікалая Герасіменку і былую рэдактарку сайта praca-by.info Наталлю Пічужкіну. Для тлумачэнняў выклікалі старшыню Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука. Дзеячы нагадваюць, што менавіта незалежныя прафсаюзы дапамагалі арганізоўваць пратэсты супраць антыканстытуцыйнага дэкрэту № 3, і таму перад восенню ўлады спрабуюць зачысціць поле ад арганізаванай сілы.

«Незалежныя прафсаюзы – гэта 10 тысячаў чалавек. У дэмакратычнай грамадзе – гэта найвялікшая арганізацыя», – мяркуе Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Эксперты бачаць падабенства сённяшніх ператрусаў з падзеямі шасцігадовае даўніны, калі сілавікі разграмілі сядзібу праваабарончага цэнтру «Вясна», а кіраўніку арганізацыі Алесю Бяляцкаму інкрымінавалі нясплату падаткаў. Суд пакараў яго чатырма з паловаю гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыяй маёмасці. Справа выклікала міжнародны скандал.

Прафсаюзныя дзеячы ўпэўнены, што сённяшнія дзеянні ўладаў, як і ў выпадку з Алесем Бяляцкім, выклікаюць рэзананс ва ўсім дэмакратычным свеце.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары