Улады абвесцілі пра грамадскае абмеркаванне амаль пабудаванага рэстарану ля заказніка Лебядзіны


Пра будову жылога комплексу і рэкрэацыйнай зоны, якія вядуцца з парушэннямі заканадаўства ля заказніка Лебядзіны, мы распавядалі летась. Цяпер жа ўлады абвесцілі пра грамадскае абмеркаванне аднаго з аб’ектаў гэтай будовы. Вось толькі ці не запозна?

Рэстаран каля заказніка Лебядзіны на ўскрайку Менску выглядае ўжо амаль пабудаваным. І толькі цяпер адміністрацыя Цэнтральнага раёну сталіцы абвесціла пра грамадскае абмеркаванне аб уплыве аб’екту на навакольны асяродак.

«Калі ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе мае быць распрацаваная да пачатку будовы, то яна мае быць распрацаваная да пачатку будовы. І ніякія спробы ўмасліць грамадскасць тым, што мы зараз зробім, а потым перапрафілюем гэты рэстаран – гэта няважна. Парушэнне заканадаўства было дапушчанае», – тлумачыць актывіст грамадскай кампаніі «Гарадскі ляснічы» Ігар Корзун.

Участак зямлі для будаўніцтва шматфункцыйнага комплексу ўладальніку «Тапасу» і гульцу прэзідэнцкай хакейнай каманды Паўлу Беламу перадаў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Рэстаран на самым беразе ставу пачалі ўзводзіць летась, а напрыканцы году выйшаў указ, які змяніў межы ландшафтных зонаў і зрабіў законнай будову там, дзе раней была ахоўная зона. Але Ігар Корзун лічыць, што знішчэнне заказніку пачалося яшчэ раней:

«Заказнік памёр гадоў дзесяць таму, калі не быў распрацаваны план кіравання гэтай зонай. Тады трэба было прыняць рашэнне, у якім фармаце гэтая тэрыторыя будзе існаваць, як будуць эксплуатавацца землі, што прылягаюць да тэрыторыі пад асобай аховай».

Праз гэта, на думку актывіста, заказнік з цягам часу страціць статус ахоўнай тэрыторыі і ператворыцца ў гарадскі парк. Апроч рэстарану, тут запланаванае будаўніцтва набярэжнай, пляцоўкі для назірання за птушкамі, інжынерных сетак і заасфальтаваных падʼездаў.

Жыхары найбліжэйшых раёнаў пераважна ставяцца да будовы негатыўна:

«Адвялі зямлю, прадалі, ну а далей што, наступнае пакаленне?»

«Трэба больш лаяльна да прыроды ставіцца. Тут такая прыгожая зялёная зона, я лічу яе трэба захоўваць».

«Цяпер такое стагоддзе, ад забудовы нікуды не сыдзеш, і людзям трэба дзесьці адпачываць».

«Гэта не зусім правільна, я лічу, такія моманты павінны абмяркоўвацца».

Грамадскае абмеркаванне ўплыву рэстарану на навакольны асяродак не прадугледжвае ні сходаў, ні слуханняў, ні грамадскай экалагічнай экспертызы. Каб штосьці такое адбылося, неабходна паспець падаць заяўку да 27 жніўня. Зрабіць гэта лепш пісьмова, бо праз тэлефон ні з адною з кантактных асобаў цягам дня звязацца не ўдалося.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu