Аб'ектыў 21.09.2017 Уладальнікі электракараў распавядаюць, чаму іх так мала ў краіне


Увесь свет перажывае электракаравы бум, але не Беларусь. Да прыкладу, ва Украіне за першае паўгоддзе зарэгістравалі больш за 1 500 электракараў, а ў Беларусі кіроўцы не спяшаюцца перасядаць у экалагічныя і эканамічныя аўтамабілі.

Кіраўнік краіны нядаўна даручыў сабраць у нас сваю «Тэслу»

Электракар сапраўды цудоўны: наладаванне на 100 кіламетраў каштуе Br 1,5, аналагічны магутнасцю «Ягуар» ці «БМВ» спажывае 16 літраў паліва, ці Br 20 на тыя ж 100 кіламетраў. Выгада відавочная.

«Машыны чыстыя і зручныя, практычна не патрабуюць выдаткаў на эксплуатацыю. Ёй патрэбна замена калодак, па меры зносу, замяніць шчоткі дворнікаў, і батарэйку ключоў мяняць. І ўсё абслугоўванне», – распавядае Дзмітрый Пляганскі, уладальнік »Тэслы«.

Але ці прыйшоў у Беларусі час на электракары?

Цяпер у Менску ўсяго 6 грамадскіх станцыяў наладавання, а ў краіне агульная колькасць – каля 30-ці, шмат якія з іх часова не працуюць.

Еўрапейскія дзяржавы ўсяляк імкнуцца стымуляваць распаўсюд электракараў: шмат дзе існуе бясплатная альбо льготная магчымасць наладоўваць аўтамабіль, бясплатныя паркоўкі ў цэнтрах гарадоў, магчымасць карыстацца паласой руху, разлічанай на грамадскі транспарт і.г.д.

«Калі не дзяржава, то хто створыць умовы нейкія льготы для ўстаноўкі гэтых станцый, механізм кампенсацыі электраэнергіі, для тых хто зараджае электрамабілі, павінны быць нейкія ўмовы», – упэўнены Артур Туманаў, яшчэ адзін шчаслівы карыстальнік электрамабіля ад кампаніі Ілона Маска.

Кошты на электракары істотна зніжаюцца

На другасным рынку з’яўляецца шмат бюджэтных варыянтаў.

Электракар. 2015 год. € 6300. У Еўропе набыць недарагі электрамабіль на другасным рынку цалкам рэальна. Але калі перавезці яго сюды, да кошту трэба дадаць выплаты дзяржаве.

Для фізічных асобаў – размытненне – 17 %, плюс – падатак на дададзеную вартасць: на аўтамабіль да трох гадоў ён складае 54 % ад мытнага кошту (гэты кошт вызначаецца самой мытняй і можа сур’ёзна адрознівацца ад рынкавага), ці 48 %, калі кошт аўтамабіля вышэйшы за € 8500, на аўтамабіль ад 3 да 5 гадоў ПДВ – 20 %. Яшчэ ўлічыць утылізацыйны збор – $ 250-400 у залежнасці ад узросту.

Урэшце выходзіць зусім не бюджэтна

Таксама страхоўкі на электракары амаль удвая даражэйшыя, чым на звычайныя аўтамабілі.

Але замест таго, каб спрыяць распаўсюду экалагічных і эканамічных аўтамабіляў у нашай краіне, дзяржава стварае перашкоды, якія робяцца вызначальнымі падчас выбару сродку перасоўвання.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары