Уладальнікі бізнесу ў Курапатах – пад поўным байкотам


Адзін з лідараў абароны Курапатаў, палітык Павел Севярынец, не дачакаўшыся адказу ўласнікаў рэстарацыі «Паедзем паядзім» на свой ультыматум, абвесціў аб пачатку сістэмнага байкоту.

Цяпер ужо не толькі скандальнай харчэўні, але і ўсіх бізнесаў, неяк з ёй павязаных. Ігар Кулей сачыў за развіццём падзеяў.

Сістэмны байкот для ўсіх, хто звязаны з рэстарацыяй «Паедзем паядзім» у Курапатах. Рашэнне перайсці да новай формы супраціву, на імправізаванай прэс-канферэнцыі ва ўрочышчы, агучыў сустаршыня партыі хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец:

«З сённяшняга дня мы будзем фіксаваць усіх пастаўшчыкоў. З самай раніцы мы ўжо накіравалі звароты ў 4 фірмы. Мы прапануем ім адмовіцца ад супрацы з «Паедзем паядзім».

Абаронцы Курапатаў склалі праграму з некалькіх пунктаў. Акрамя закліку да пастаўшчыкоў, пікетоўцы звярнуцца ў амбасады заходніх краінаў з просьбай не прапускаць у Еўразвяз аўтамабілі, якія здзяйснялі наезды на пікетоўцаў, а таксама не выдаваць візы ўласнікам рэстарацыі Леаніду Зайдэсу і Барысу Сурысу.

«З заўтрашняга дня пачнецца байкатаванне «Гранд Кушавеля» – гэта іншая частка іхнага бізнесу. Я думаю, пройдзе зусім няшмат часу і ён зразумее, у якую яму ён цягне сябе і сваіх акцыянераў», – адзначыў Павел Севярынец.

Ён дадаў, што да моманту, пакуль «Паедзем паядзім» не спыніць працу, ніякіх новых перамоваў з галоўным акцыянерам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам не будзе. У тым, што пікетоўцы могуць дамагацца сваіх мэтаў, яны не сумняюцца.

«Няма наведнікаў. Ужо мінімум два тыдні як няма кліентаў. Сюды прыязджаюць нейкія правакатары. Была сустрэча нейкіх знаёмых Зайдэса. Але гэта не наведнікі – тых хто сюды едзе паесці проста няма. І я лічу, што гэта заслуга тых людзей, якія тут стаяць і тых, хто дапамагае ў сацсетках», – заўважыла Ганна Шапуцька з ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты».

І пакуль адныя актыўна байкатуюць рэстарацыю на вуліцы, іншыя шукаюць адказу на пытанне: як забаўляльная ўстанова ўвогуле магла паўстаць ля месца масавых расстрэлаў?

Журналіст Дзяніс Івашын прэзентаваў у Горадні вынікі свайго расследавання. Дзе распавядае, што ва Украіне супраць бізнесоўцаў Сурыса і Зайдзеса вядзецца крымінальная справа за траты, а ў Беларусі бізнес ідзе добра, бо з вялікай доляй імавернасці, іх інтарэсы лабіруе набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі чалавек.

«Я лічу, што менавіта праз Вадзіма Бікбулатава, цалкам магчыма, здзяйсняецца ўсё. Ён капітан хакейнай зборнай Аляксандра Лукашэнкі, пачынаючы з 2005 году. І з тых часоў мае магчымасць вырашаць такія пытанні ў нефармальнай абстаноўцы», – адзначыў журналіст выдання «Інфарманапалм» Дзяніс Івашын.

Можа, менавіта гэтым фактам тлумачыцца і тое, што ніводзін службовец у пагонах не знайшоў часу пацікавіцца: якім чынам зямля, на якой стаіць скандальная харчэўня, была выведзеная з ахоўнае зоны Курапатаў? Затое ў людзей у пагонах ёсць час, каб штрафаваць абаронцаў гэтага мемарыяла. Чарговае пакаранне ў памеры 735 рублёў атрымаў прадпрымальнік, удзельнік пікетаў, Алесь Талстыка.

Ігар Кулей, belsat.eu