Уладальнік рэстарану «Поедем поедим» хоча «адкупіцца» вадою і электрычнасцю


Яшчэ ўчора хацеў кампрамісу, а ўжо сёння заявіў, што ніякіх перамоваў з «шантажыстамі» не будзе. Уладальнік скандальнага рэстарану «Поедем поедим» у Курапатах зладзіў прэсавую канферэнцыю, на якой падкрэсліў: ніякага закрыцця ці пераносу комплексу чакаць не варта.

«Гэта бізнес, у які інвеставалі немалыя сродкі. Гэта 80 працоўных месцаў у Менскім раёне, гэта адная з нешматлікіх установаў на кальцавой дарозе. А прапанова аб пераносе яго ў іншае месца ўвогуле не вытрымлівае крытыкі – у першую чаргу з тэхнічнага боку», – кажа Леанід Зайдэс, галоўны акцыянер рэстарану.

Леанід Зайдэс заявіў, што гатовы размаўляць з пратэстоўцамі толькі ў судовым парадку. Спасылаючыся на пракуратуру, ён адзначыў, што з юрыдычнага пункту гледжання дзейнасць рэстарану цалкам законная. Што ж да маральных прэтэнзіяў, то тут у адказ Зайдэс прапаноўвае саступкі. Замест гучных імпрэзаў, музыкі ды феерверкаў абяцае толькі трансляцыі спартовых падзеяў ды адзначае сямейную скіраванасць рэстарацыі.

«Сёння мы гатовыя абмяркоўваць розныя варыянты нашага ўнёску ў захаванне памяці Курапатаў. Гэта можа быць стварэнне музею, якому мы можам бясплатна падаць усе камунікацыі – ваду, электрычнасць. Пытанне толькі ў тым, ці знойдзецца грамадская арганізацыя, якая зоймецца рэалізацыяй гэтага праекту», – прапануе Зайдэс.

Дачытаўшы з паперкі тэкст, Леанід Зайдэс заспяшаўся ўцячы ад пытанняў журналістаў за шырму. Падсумоўваць прэс-канферэнцыю давялося дырэктарцы рэстарану Святлане Дубковай.

«Я, напрыклад, вельмі ўсцешаная, што дзеці тут смяюцца, бегаюць і весяляцца. Я ў гэтым нічога непрыстойнага не бачу», – мяркуе Святлана Дубкова дырэктарка рэстарану.

Не падзяляюць жа такога меркавання актывісты, якія, паводле Зайдэса, толькі «правакуюць ды кідаюцца пад колы». Прэс-канферэнцыю ў адказ зладзілі ў офісе партыі БНФ. Актыўныя абаронцы Курапатаў настойваюць на маштабным байкоце ўстановы.

«Мы на ўласныя вочы бачылі, што працаўнікі рэстарацыі займаюцца кейтэрынгам. Ліцэнзіі на кейтэрынг у іх няма!», – кажа Ганна Шапуцька з ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты».

Прозвішчы актыўных правакатараў абяцаюць змясціць у інтэрнэце.

«Мы дамовіліся цягам тыдня распрацаваць файлы асабіста пра кожнага чыноўніка, уладальніка, агрэсіўнага наведніка або пастаўшчыка, якія датычныя да «Поедем поедим» у сумежных бізнесах. Апроч таго, мы прымем шэраг зваротаў, круглых сталоў і канферэнцыяў у тэме Курапатаў», – кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Паседжанні адмысловага штабу грамадскага байкоту рэстарацыі будуць праходзіць штотыднёва, але змаганне з комплексам вядзецца кожны дзень ды на ўсіх франтах. У свой дзень народзінаў працы для ўсталявання новых, высокіх крыжоў узначаліў Зміцер Дашкевіч.

«Мы далей будзем займацца ўшанаваннем Курапатаў – замяняць спарахнелыя крыжы на новыя і гэткім чынам пашыраць інфармацыю пра Курапаты», – кажа Дашкевіч.

Але нават тут – не без перашкодаў. Працаўнікі Бараўлянскага спецлясгасу папярэджвалі актывістаў пра парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства і… заканадаўства аб ахове гістарычна-культурных каштоўнасцяў!

Паводле апошняй інфармацыі, бліжэй да вечара невядомыя павалілі крыжы ды спрабавалі іх падпаліць.

Ціснулі і на журналістаў. «Белсатаўцаў» Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва, якія вялі наўпроставую трансляцыю з прэс-канферэнцыі Зайдэса, завезлі ў Бараўлянскі РАУС дзеля таго, каб нібыта ўзяць тлумачэнні паводле артыкулу аб незаконным вырабе прадукцыі медыяў.

Сваю традыцыйную працу выконваюць і суды. Буйнымі штрафамі пакаралі Леаніда Кулакова, Маю Навумаву і Вольгу Мікалайчык. Учора ў межах байкоту яны спрабавалі раздаваць інфармацыйныя буклеты наведнікам рэстарану «Гранд Кушавель», суўласнік якога Леанід Зайдэс.

«У нас не было атрыбутыкі пікетаў у руках. У нас былі буклеты. Да 99 буклетаў я маю права раздаваць як грамадзянка рэспублікі Беларусь», – кажа рэжысёрка Вольга Мікалайчык.

Змаганне ў Курапатах цягнецца ўжо больш за паўтара месяца. Пакуль без пераможцаў.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»