Уладальнік «Поедем, поедим» хоча кампрамісу


Бізнесовец абяцае агучыць сваю пазіцыю па кампаніі байкоту ў пятніцу, 20 ліпеня.

Байцы АМАПу спынілі пратэст, зладжаны абаронцамі Курапатаў ля менскай рэстарацыі «Гранд Кушавель», якая належыць таму ж самаму ўласніку, што і скандальная харчэўня «Поедем, поедим» побач з мемарыялам. Затрыманыя актывісты Вольга Нікалайчык, Леанід Кулакоў, а таксама яшчэ адзін удзельнік пратэсту.

Як і абяцалі, пікетоўцы скандальнае харчэўні «Поедем, поедим» ля месца масавых растрэлаў у Курапатах, з’явіліся сёння ля іншае рэстарацыі таго ж уласніка – «Гранд Кушавеля». Актывісты збіраліся раздаваць улёткі з інфармацыяй пра мемарыяльнае ўрочышча, і недапушчальнасць размяшчэння ў такім месцы забаўляльнае ўстановы, але міліцыя ім гэтага не дазволіла.

У суботу супрацоўнікі аховы рэстарацыі «Поедем, поедим» спрабавалі сілай разагнаць удзельнікаў пікету ля харчэўні. Акцыяй кіраваў галоўны акцыянер скандальнай закусачнай Леанід Зайдзес. Пасля гэтага ўдзельнікі пікетаў спынілі ўсе перамовы з дырэкцыяй установы і далі Задзесу тры дні на закрыццё рэстарацыі. Бізнесовец умоваў ультыматуму не выканаў, а пратэстоўцы перайшлі да агульнага байкоту ўсіх ягоных завядзенняў.

«Мы бачым, што МУС крышуе бізнес Леаніда Зайдзеса. Тое, што да «Гранд Кушавеля» прыехала ўся каралеўская раць: ГУУС Менгарвыканкаму, цэнтральны райаддзел, АМАП, аператыўнікі з камерамі, і ўсё гэта на трох пікетчыкаў з буклетамі, якія проста хацелі распавеці пра бізнес уласніка «Гранд Кушавеля» у Курапатах», – кажа Павел Севярынец з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Раней міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч абяцаў не займаць нічый з бакоў у гэтым канфлікце. Нягледзячы на гэта, пратэстоўцы няспынна атрымліваюць пратаколы, штрафы, і нават адміністратыўныя арышты. Такая вось бесстароннасць па-Шуневіцку.

«Зараз мы будзем пераносіць асноўны цяжар байкоту рэстарацыяў Зайдзеса ў інтэрнет. Вядома, варта ў Курапатах працягнецца. Але гэта вельмі паказальная сітуацыя», – дадае Севярынец.

У любым выпадку, намаганні пікетоўцаў ужо займелі карысны эфект. Уласнік «Поедем, поедим» Леанід Задзейс абвесціў, што заўтра а 12 дня, на тэрыторыі скандальнага комплексу ён зробіць заяву для прэсы. Бізнесовец абяцае агучыць сваю пазіцыю па кампаніі байкоту, а таксама запрапануе кампрамісныя варыянты ўрэгулявання канфлікту.

Ігар Кулей