Уладальнік літоўскай фірмы меў карупцыйную схему з Мінабароны Беларусі


Беларускія вайскоўцы, літоўская фірма, адзін з самых паспяховых фермераў Беларусі – усе асноўныя фігуранты справы мелі досвед службы ў войску, і дамовіцца на этапе ўгоды ім было проста.

Інакш было на судзе: з пачатку справы палкоўнік і падпалкоўнік міністэрства прызналіся ды пайшлі на поўную супрацу са следствам. Забягаючы наперад: не надта ім тое дапамагло.

У клетцы выслухоўваў свой прысуд толькі Аляксандр Кулагін – уладальнік літоўскай фірмы «Аксамед», якая і была ў цэнтры схемы. Ёй, паводле следства, умоўную тону паліва расейская кампанія «Тэхпрадуктсэрвіс» прадавала за 700, а ўжо да беларускіх вайскоўцаў яно трапляла за 1115 долараў. Паміж структурамі быў вядомы бізнесовец Алег Хартановіч – уладальнік фермерскай гаспадаркі «Ігуменскае».

На судзе былі агучаныя факты хабару з яго боку працаўнікам Міністэрства абароны – ад 10-ці да 20-ці тысяч долараў за сустрэчу, дзе агучвалася інфармацыя, паліва якіх характарыстык міністэрству будзе патрэбнае на зімовы сезон. У выніку два сілавікі атрымалі 3 і 6 з паловаю гадоў калоніі. З турэмнымі бауламі на суд з’явіўся і Хартановіч, хоць да апошняга адмаўляў факт махлярства.

У выніку бізнесовец разам з кіраўніком «Аксамеду» Кулагіным атрымалі найбольш – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Як і ледзь не кожная гучная карупцыйная справа ў Беларусі пасля выраку пакідае асадак, так і з гэтаю. Схема, якую намалявала следства, працавала прынамсі 8 гадоў, і ніводзін орган кантролю не зацікавіўся ёю. Вынікі правярання ў справе заснаваныя на наўпроставай рэзалюцыі прэзідэнта краіны. А значыць, ці то раней на злачынства ўсе заплюшчвалі вочы, ці то сапраўды «Аксамед» проста рабіла добры бізнес на беларускіх вайскоўцах.

Алесь Залеўскі belsat.eu