Улада яшчэ не вырашыла, ці пусціць сёлета апазіцыю ў Палату прадстаўнікоў


Дадаць цукру ці перчыку? Гэта не дылема кулінара, а чаканні Лідзіі Ярмошынай ад хады выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. На ейнае меркаванне, усё будзе залежаць ад кандыдатаў, што мусяць дадаць яшчэ і разынку ў выбары. Толькі наколькі гэта паўплывае на канчатковы прадукт ужо даўно наладжанага выбарчага камбінату?

Улады яшчэ толькі разважаюць пра магчымыя асаблівасці выбарчай кампаніі. Але галоўнае пытанне – ці будуць абраныя новыя або ці прынамсі застануцца старыя апазіцыйныя дэпутаты ў парламенце.

Матэрыял Змітра Міцкевіча глядзіце ў поўным выданні навінаў за 5 жніўня

«Мы бачым, што ўсё-такі стыль працы Анісім і Канапацкай адрозніваўся. І ацэнка таго, наколькі яны выканалі тую задачу, якая перад імі ставілася людзьмі, якія іх дапусцілі, – вось гэта будзе ўплываць на тое, ці будзе апазіцыя ў парламенце, калі будзе, то ў якой колькасці», – кажа палітолаг Юрый Чавусаў.

Прадстаўнікі ж апазіцыйных рухаў ды партыяў ужо працуюць над вылучэннем кандыдатаў. Яны не маюць ілюзіяў наконт выбарчага працэсу – ніякай лібералізацыі чакаць не даводзіцца, – аднак кажуць, што хочуць выкарыстаць любую магчымасць для прасоўвання інтарэсаў выбарнікаў.

«Гэта адна з нашых тактык: ёсць паказуха, дык а давайце тады гэтыя паказушныя метады і прынцыпы дэмакратыі рабіць рэальнымі. А гэта магчыма, толькі калі ты сам удзельнічаеш у гэтай кампаніі. Трэба быць актыўнымі, прымаць удзел, прадстаўляць інтарэсы, дабівацца вырашэння пэўных канкрэтных праблемаў, задачаў, пытанняў. Тады будуць новыя магчымасці, – кажа Таццяна Караткевіч з арганізацыі «Гавары праўду».

Магчымасці надзвычай актуальныя для апазіцыі, заціснутай у жорсткія прававыя рамкі айчыннай Фэміды. У часе выбарчай кампаніі ўсе пікеты і мітынгі – бясплатныя. А значыць, не давядзецца аплочваць гэтак званыя паслугі міліцыі. Бо праз спагнанне грошай нават адмовіліся ад правядзення сёлета «Чарнобыльскага шляху».

»У кожным горадзе ёсць сітуацыя, калі мясцовыя ўлады рэалізуюць нейкія камерцыйныя праекты, якія шкодзяць экалогіі альбо ўплываюць на інтарэсы мясцовых жыхароў. А вось думкі мясцовых жыхароў якраз ніхто не запытваецца. Наша задача – у часе выбарчай кампаніі абвастрыць гэтыя пытанні«, – кажа старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

«Ёсць запыт на перамены, але грамадства не вельмі разумее, як і чым канкрэтныя людзі могуць дапамагчы палітыкам ці грамадзянскім актывістам. І тое, што мы робім, – з аднаго боку, адукацыя, а з другога – пагружэнне. Таму што тады ты разумееш, што твой голас – не пустое месца, гэта адзінка», – дадае Таццяна Караткевіч.

Улады могуць калі не пачуць гэты голас, то прынамсі дазволіць яму прагучаць. Звычайна тады, калі ім самым тое трэба – перадусім падчас чарговых лібералізацыяў і пацяпленняў дачыненняў з Захадам. Аднак гэтым разам пацяпленне на дабрабыце апазіцыі наўрад ці адаб’ецца, мяркуе Чавусаў:

«Зараз сітуацыя неспрыяльная для таго, каб будучыя кандыдаты разлічвалі, што і іх дапусцяць у парламент, што іх будзе не два, а 10 дэпутатаў, фармальных апазіцыянераў. Таму што жэстаў на адрас замежных назіральнікаў беларускі рэжым дэманстратыўна не робіць».

З іншага боку, Міністэрства фінансаў прагназуе бюджэт з дэфіцытам амаль паўтара мільярда рублёў. Уласна, эканамічная сітуацыя – гэта галоўны чыннік, што можа давесці да электаральнай лібералізацыі. Іншая справа, ці купіць тое Захад?

І вось атрымліваецца, што чаканні ды актыўнасць апазіцыі накладваюцца на аб’ектыўную рэальнасць і пазіцыю ўладаў. Якія самыя, падобна, яшчэ не вызначыліся з тым, наколькі гатовыя трываць прадстаўнікоў апазіцыі ў статусе дэпутатаў. І што за гэта можна прасіць у Захаду. Выходзіць нейкі палітычны вінегрэт. Ці нават боршч, што больш прывычна для старшыні Цэнтрвыбаркаму.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»