Улада помсціць праціўніку акумулятарнага заводу ў Берасці. Крымінальная справа нібы за захоўванне боепрыпасаў


Вобшукі ўчора, а сёння прыйшлі з рэвізіяй у дом. На актыўнага праціўніка акумулятарнага заводу «АйПаўэр» Майсея Мазька завялі крымінальную справу нібыта за захоўванне боепрыпасаў. Мужчына цяпер у ізалятары Ленінскага РАУС Берасця. Абвінавачаны віны не прызнае і кажа – зброю апошні раз трымаў у руках у 1975 годзе.

Учора працаўнікі ДАІ, следчыя і людзі ў цывільным спынілі і абшукалі машыну, у якой ехаў Майсей Мазько. У гэтай службовай машыне – спадар Майсей працуе заўгасам у манастыры – знайшлі прадметы, падобныя на патроны, і нават брыкет невядомага рэчыва. Праваахоўнікі пастанавілі: выбухоўка!

«Тое, што было бачна ў машыне, было ў пакеце, і штосьці разгледзець было надзвычай складана», – кажа сын арыштаванага Дзяніс Мазько.

Сёння з ператрусам прыйшлі ў дом Мазькоў, што ў вёсцы Тэльмы. Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту на Берасцейшчыне ў працоўны час на нашыя званкі не адказваў. Але калегам з Радыё Свабода пацвердзіў: актывісту пагражае да сямі гадоў зняволення:

«На яго заведзеная крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу. Мазько затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання».

Мясцовы праваабаронца Раман Кісляк, які назіраў за ператрусам машыны, каментуе справу адназначна:

«Я лічу, што гэта альбо яны на месцы падклалі, альбо гэта было загадзя падкладзена, і яны ведалі, дзе яно ляжыць. Тут ідзе гаворка пра фабрыкацыю крымінальнае справы ў адносінах да Майсея Сцяпанавіча».

Некалькі дзён запар за спадаром Мазьком сачылі, сцвярджае Раман Кісляк і дадае: улады гэткім чынам ціснуць на актывіста за актыўную барацьбу супраць акумулятарнага заводу. Тым больш, што крымінальны пераслед ужо зазналі і іншыя грамадскія дзеячы: блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін.

«Падобна на «Белы легіён», такая сякерная работа. Ён старэйшы з нас усіх, можа, у яго стан здароўя горшы. Але мне здаецца, што гэта вельмі няўдалая фігура, таму што ён вернік, ён інтэлігентны чалавек, яго ўсе ведаюць як такога добрага і зычлівага чалавека», – кажа блогер Сяргей Пятрухін.

І дадае: улады нервуюцца, бо не могуць спыніць грамадскага абурэння, якое ўжо больш за год выліваецца ў вулічныя пратэсты.

«Нягледзячы на гэта мы працягнем рабіць усё, каб дадзены акумулятарны завод не быў запушчаны і спыніў сваё існаванне», – зазначае праваабаронца Раман Кісляк.

Апошні пратэст супраць акумулятарнага заводу, які меў месца ў мінулую нядзелю, сабраў на берасцейскай плошчы Леніна больш за 250 чалавек.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu