Улада бʼе па апанентах святам


Улады пазбаўляюць Святлану Ціханоўскую магчымасцяў праводзіць мітынгі. Усе прадугледжаныя законам пляцоўкі яны нечакана займаюць пад свае захады. Як апазіцыйнай кандыдаты насуперак перашкодам удалося сустрэцца з выбарнікамі?

Не менш за тысячу людзей сабраліся ў гэтыя хвіліны ў невялікім Кіеўскім скверы. Давайце запытаемся, дзеля чаго яны сюды прыйшлі:

«Каб падтрымаць свята: выбары».

«Каб дзяўчыны бачылі, што за імі большасць, каб яны ведалі, што мы хочам пераменаў!» – кажуць жыхары Менску.

Аднак перадвыбарчы мітынг павінны быў адбыцца зусім у іншым месцы. Замест бел-чырвона-белых сцягоў сцягі вайсковыя і вайсковая тэхніка. На месцы, дзе Святлана Ціханоўская і яе штаб збіраліся правесці сустрэчу з яе выбарнікамі, улады нечакана зладзілі ўласнае свята: Дзень чыгуначных войскаў.

Парк Дружбы народаў, які каманда Ціханоўскай зарэзервавала яшчэ тры тыдні таму, з раніцы акупавалі вайскоўцы і міліцыянты. Яго абнеслі агароджай, ля сцэны паставілі вайсковыя грузавікі, краны, мостабудаўнічую тэхніку і палявую кухню. Занятымі раптоўна аказаліся і 5 іншых пляцовак гораду, на якіх дазволена агітаваць.

«Самі ўлады вельмі сурʼёзна распаляюць сітуацыю. Расце напружанасць. Калі б цяпер быў спакойна праведзены мітынг на плошчы Бангалор, быў бы пастаўлены гук, адбыўся канцэрт-мітынг (радасны і на падʼёме), мы б павіншавалі ўсіх нас за сваю пазіцыю і спакойна разышліся б па дамах, як гэта было раней. А цяпер што адбываецца?!», – абураная прадстаўніца штаба Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

На паўтары гадзіны сілавікі затрымалі і кіраўніцу штабу Святланы Ціханоўскай Марыю Мароз, пазбавіўшы кандыдатку магчымасці хутка прыняць рашэнне пра перанос мітынгу. У выніку рашэнне Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала прынялі нестандартнае: наведаць «Дзень адкрытых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі», які менскія ўлады вырашылі зладзіць у Кіеўскім скверы.

А тым часам свята чыгуначных войскаў на аточанай міліцыяй Плошчы Бангалор выйшла нешматлюдным. На яго прыйшлі пару соцень чалавек. Масоўку ля сцэны стваралі вайскоўцы і актывісты Камуністычнай партыі.

Аляксандр Папко, «Белсат»