Украінцы хочуць міру, але не гатовыя плаціць за яго любую цану


У панядзелак у Парыжы пройдзе першая пасля 3-гадовага перапынку сустрэча ў нармандскім фармаце, якую з заміраннем сэрца чакаюць грамадзяне Украіны. Мэта саміту – зацвердзіць новую паслядоўнасць развязання канфлікту на Данбасе і надання акупаваным тэрыторыям Данецкай і Луганскай вобласцяў асаблівага статусу. Напярэдадні лёсавызначальнай сустрэчы сацыёлагі даведаліся, чаго ад сустрэчы ў Францыі чакаюць у розных рэгіёнах Украіны.

У панядзелак Доналд Трамп, Эманюэль Макрон, Уладзімір Пуцін і Уладзімір Зяленскі сустрэнуцца за адным сталом перамоваў. Прадстаўнікі Расеі пацвердзілі, што пасля сустрэчы ўчатырох Зяленскі зможа паразмаўляць з Пуціным асабіста.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Жыхары Кіева па-рознаму ставяцца да гэтай сустрэчы:

«Лепш бы ён не сустракаўся, бо ён прайграе ўсё. Там жа дасведчаны палітык, хітры і падступны, вораг нашай дзяржавы. Выразна пастаўлена задача: знішчыць Украіну і нас, украінцаў, сцерці з твару зямлі. Пра што яны могуць размаўляць?» – кажа мужчына.

«Мы, вядома ж, чакаем, што на Данбасе скончыцца вайна. У мяне там сваякі, я асабіста гэтага чакаю, што змагу паехаць туды нарэшце, я не была там з 2013-га года», – не хавае аптымізму дзяўчына.

«У яго не хопіць розуму размаўляць з кімсьці, хто больш вопытны і хітрэйшы. Я сама перасяленка, я ведаю, што такое вайна», – махае галавой кабета.

Сацыялагічнае апытанне, праведзенае фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы», паказала: 62 % украінцаў хацелі б, каб ДНР і ЛНР вярнуліся ва Украіну на тых жа ўмовах, што і раней: у складзе вобласцяў. За тое, каб акупаваныя тэрыторыі атрымалі незалежнасць ад Кіева, але засталіся ў складзе Украіны, выступае прыблізна пятая частка рэспандэнтаў. За поўнае адлучэнне – усяго чатыры адсоткі апытаных.

Палітолаг і навуковы дырэктар фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Аляксей Гарань кажа:

«Большасць украінскіх грамадзянаў не хочуць, каб асаблівы статус быў замацаваны ў Канстытуцыі. Бо калі формула Штайнмаера будзе імплементаваная ў новы закон пра асаблівы статус, гэты закон ужо будзе дзеяць на пастаяннай аснове».

Траціна ўкраінцаў лічыць, што для аднаўлення міру найбольш важны міжнародны ціск на Расею і ўзмацненне санкцыяў. Але не менш істотна і аднаўленне нармальнага жыцця на вызваленых тэрыторыях. Сацыялагіня і дырэктарка фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Ірына Бякешкіна ўзгадвае:

«Я памятаю, што ў 2015 годзе 35 % насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў, якія кантралюе Украіна, хацелі ад яе аддзяліцца. Цяпер іх засталося 5 %. Гэта значыць, у людзей наладжваецца жыццё. Там не ўсё так добра, як хацелася б, ёсць разбураныя і не адноўленыя прадпрыемствы. Але людзі больш разлічваюць на Украіну».

Развядзенне войскаў вітае больш як палова ўкраінцаў, але, нягледзячы на агульнае жаданне міру, людзі не гатовыя атрымаць яго любою цаной. Толькі 14 % украінцаў лічаць, што любыя сродкі добрыя для дасягнення міру на Данбасе. З пачатку лета колькасць прыхільнікаў такога пункта гледжання падае.

Больш за 60 % украінцаў выступаюць супраць выбараў на ўмовах баевікоў, супраць поўнай амністыі тых, хто яшчэ ўчора страляў ва ўкраінскіх вайскоўцаў, супраць фармавання сілавых органаў толькі з мясцовых прадстаўнікоў. Аднак ёсць тэмы, у якіх усход і захад не адзіныя.

«Калі мы будзем казаць пра адмысловы статус або статус расейскай мовы, тут ёсць пэўныя адрозненні, і гэта небяспека. Калі свядома расейская прапаганда будзе інвеставаць у гэтыя тэмы, тут могуць узнікаць несупадзенні ўнутры Украіны», – мяркуе каардынатарка Офісу гуманітарнай палітыкі Украіны Аляксандра Дварэцкая.

Кожны другі апытаны ўкраінец упэўнены, што канфлікт на Данбасе зыніцыявала Расея, выкарыстоўваючы мясцовых баевікоў. Кожны трэці рэспандэнт лічыць, што галоўнаю мэтаю Расеі было і ёсць падпарадкаванне Украіны і вяртанне яе ў сферу расейскага ўплыву.

Адэля Дубавец belsat.eu