Украінскі досвед царкоўнай незалежнасці можа мець ланцуговую рэакцыю


Дадуць ці не дадуць? Гэтым амаль гамлетаўскім пытаннем цягам трох дзён пераймаліся мільёны ўкраінцаў. Вынікаў паседжання Сіноду ў Канстанцінопалі ва Украіне чакалі на ўсіх узроўнях – і святары, і вернікі, і палітыкі.

Рашэння пра Томас пакуль няма, але прадчування вялікіх зменаў ужо не пазбегчы: Сінод пацвердзіў, што распачаў працэс надання аўтакефаліі, а таксама скасаваў дзеянне дакументу 17-га стагоддзя, які фактычна падпарадкоўваў Кіеўскую мітраполію Маскоўскаму патрыярхату. І гэта яшчэ не ўсё.

Эмануіл, мітрапаліт Гальскі:

«Таксама аднавіць Стаўрапігію Сусветнага патрыярха ў Кіеве, адное з мноства ягоных прадстаўніцтваў ва Украіне, якія заўжды там існавалі».

Апроч гэтага, Сінод зняў анафему з ачольніка Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэта, аднавіўшы яго ў кананічным сане. Аўтакефалія ва Украіне ўжо зрабілася адною з нацыянальных ідэяў.

Жыхары Кіева:

«Мне не зразумела, чаму, калі ў 91-м годзе Украіна стала незалежнай, засталася яшчэ нейкая іншая царква? Незалежная царква мае быць адна ўкраінская і кропка».

«Гэта яшчэ адзін крок на шляху падвышэння нашай незалежнасці ад Расеі і аднаўлення гістарычнай справядлівасці».

Пасля абвешчання пастановы Сіноду прэзідэнт Пятро Парашэнка падкрэсліў, што гэта пытанне незалежнасці і нацыянальнай бяспекі. У святынях Кіеўскага патрыярхату, дзе, паміж іншага, моляцца за здароўе вайскоўцаў на Данбасе ды аўтакефалію, згодныя з тым, што Томас – пытанне гэткае ж царкоўнае, як і дзяржаўнае.

Айцец Андрэй Малыняк, святар УПЦ Кіеўскага патрыярхату:

«У кожнай дзяржаве мае быць свой ачольнік. Інакш якая гэта дзяржава? Уявіце, што прэзідэнт адной дзяржавы перабывае ў іншай. Гэта будзе ўжо дзяржава таго народу, дзе знаходзіцца прэзідэнт. Таму мы молімся, каб была аўтакефалія і наш ачольнік».

Сёння ва Украіне дзеюць тры праваслаўныя арганізацыі – некананічныя Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Аўтакефальная царква, а таксама праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, падпарадкаваная РПЦ. Паводле сацыёлагаў, 45 адсоткаў апытаных нядаўна ўкраінцаў назвалі сябе прыхільнікамі царквы Кіеўскага патрыярхату, да Маскоўскага патрыярхату залічваюць сябе няпоўныя 17 адсоткаў. Разам з тым, больш за траціну ўсіх апытаных не звязваюць сябе ні з адною з цэркваў, называючы сябе проста «праваслаўнымі».

Аляксандр Саган, рэлігіязнаўца:

«У нас з’явілася велічэзная колькасць праваслаўных вернікаў, якія не ідэнтыфікуюць сябе ні з тым, ні з іншым патрыярхатам. Прасцей кажучы, яны выйшлі з Маскоўскага патрыярхату, але, паколькі Кіеўскі патрыярхат не мае эўхарыстычнай еднасці з іншым праваслаўным светам, яны не прыйшлі ў Кіеўскі патрыярхат».

Каб гэтая еднасць адбылася, ва Украіне мае прайсці Сабор з удзелам іерархаў трох цэркваў, якія звярнуліся ў Канстанцінопаль з просьбай пра аўтакефалію. Вынікам Сабору стане стварэнне адзінай царквы і выбар адзінага ачольніка. Гэтая адзіная царква і атрымае Томас. Паводле адмыслоўцаў, не выключана, што ўкраінскі досвед можа мець ланцуговую рэакцыю.

Аляксандр Саган, рэлігіязнаўца:

«Беларусь таксама была часткаю Кіеўскай мітраполіі ў свой час. Яна таксама можа прэтэндаваць на атрыманне аўтакефаліі. Я ведаю, што ў Малдове пачынаюць выказваць такія ідэі. Калі рэакцыя пойдзе, у Маскоўскім патрыярхаце могуць застацца толькі тыя, хто на тэрыторыі Расеі».

Выглядае, што гэтага, на першы погляд, напалову фантастычнага сцэнара цалкам рэальна асцерагаюцца ў Маскве. У РПЦ паабяцалі суворы адказ на дзеянні Канстанцінопалю. Даць яго расейскія царкоўныя ўлады збіраюцца 15-га кастрычніка на Сінодзе ў Менску.

Адэля Дубавец, belsat.eu