Украіна ўзгадвае ахвяраў Галадамору


Украіна адзначае 86-я ўгодкі Галадамору – адной з самых чорных старонак у сваёй гісторыі. Штучна створаны сталінскім рэжымам голад за год забіў, паводле розных ацэнак, ад трох да сямі мільёнаў чалавек. Наўмысная канфіскацыя ўраджаю і харчоў прывяла да вымірання не толькі цэлых сем’яў, а й цэлых сёлаў. Праз злачынства савецкай імперыі не нарадзілася цэлае пакаленне ўкраінцаў. Як апавядаюць пра Галадамор новаму пакаленню сучасных украінцаў?

Пілавінне, шышкі, хвоя – сняданкі ды вячэры асуджаных на галодную смерць мільёнаў. На вуліцах сямі ўкраінскіх гарадоў студэнты раздаюць няўежныя «абеды», каб красамоўна нагадаць пра галодныя пакуты ўкраінцаў. У чарназёмнай, хлебасольнай Украіне.

«Першае, што робіць госць, калі трапляе ва ўкраінскую хату, – сядае есці. Гэта яшчэ звязана з такім паганскім прынцыпам, каб не насурочыў. Паеў – ужо добры», – кажа Расціслаў Мартынюк, гісторык ды журналіст.

Глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву»:

Як жа сталася, што ў 1932–1933-м менавіта Украіна ператварылася ў тэрыторыю, дзе ад голаду штохвіліны паміралі 26 асобаў, а ў некаторых паселішчах даходзіла да канібалізму, калі малодшымі дзецьмі кармілі старэйшых? Паводле спадара Расціслава, гуманітарная катастрофа была створаная, каб выключыць любую магчымасць паўстання.

«Гэтаксама, як існавала БНР, была і прызнаная светам УНР, проста ўкраінская акупаваная частка паказала высокі ўзровень вайсковага супраціву савецкай акупацыйнай уладзе, і, паколькі іншыя інструменты былі вычарпаныя тэрарыстычным сталінскім рэжымам, яны выкарысталі такі ноў-хаў 20-га стагоддзя».

У Музеі Галадамору напярэдадні 86-й гадавіны паказваюць новы дакументальны фільм, дзе асноўныя пытанні пра Галадамор задаюцца дзіцячымі вуснамі.

«Чаму гэта адбылося? Хто гэта зрабіў, хто вінаваты? Ці іх хто-небудзь пакараў? Ці мы іх за гэта пакаралі? Колькі людзей загінулі? Чаму гэта магло адбыцца? Чаму ніхто не звяртаў на гэта ўвагу?» – цытуе дзяцей дырэктарка Музею Галадамору Алеся Стасюк.

Гэта самыя папулярныя пытанні школьнікаў, якія прыходзяць на экскурсію. Дзяцей найбольш уражвае беспакаранасць злачынцаў і тое, што, ведаючы пра сталінскі тэрор, ніхто не спрабаваў спыніць штучнага голаду.

«Францыя, Вялікая Брытанія, Польшча адмовіліся надаць гэтаму публічнасці, звярнуцца да РСФСР пра прыпыненне тэрору голадам. Кожная краіна, як тады, гэтак і сёння, бачыла свае палітычныя інтарэсы. «Бесхрыбетная Еўропа», – распавядае Васіль Марачка, гісторык Інстытуту даследвання Галадамору.

Паводле апытання сацыялагічнай групы «Рэйтынг», 80 % украінцаў лічаць Галадамор генацыдам украінскага народу. Гэткая ж афіцыйная пазіцыя 18 краінаў свету, у тым ліку Польшчы і балтыйскіх краінаў. Беларусі ў гэтым спісе няма. Галоўная ж правапераймальніца Савецкага Саюзу – Расея – не прызнае ні гэтага, ні іншых камуністычных злачынстваў.

Адэля Дубавец belsat.eu