Украіна патрабуе ад Беларусі актуальную інфармацыю аб забруджанні Бярэзіны


Запыт паступіў да ўладаў Беларусі пасля таго, як з‘явілася інфармацыя аб невядомай вадкасці, што сцякла ў правы прыток Дняпра са Светлагорскага заводу беленай цэлюлозы.

Толькі на мінулым тыдні з каналізацыйнай трубы заводу вылілася брудная вадкасць з пенаю. Але гэта далёка не ўсе адкіды з пабудаванага кітайцамі прадпрыемства, якія наносяць шкоду навакольнаму асяродку, кажуць мясцовыя актывісты.

«Ажыццяўляецца падземны і пасля, атрымліваецца, – падводны скід пасярэдзіне Бярэзіны. У тым месцы, дзе адбываецца гэты скід, мы ўжо назіралі сістэматычна, бачна, што там вада не замярзае, лёду няма ўздоўж берагу», – тлумачыць Алена Маслюкова, светлагорская праваабаронца.

Небяспечнымі адкідамі занепакоілася Украіна. Пятая частка вады ў Дняпро паступае менавіта з Бярэзіны, таму чыноўнікі запытваюцца ва ўладаў Беларусі пра стан забруджання ракі, а адмыслоўцы робяць пробы вады Дняпра. Паведамляе прэс-служба Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў Украіны:

«…Лабараторыя басейнавага кіравання воднымі рэсурсамі ўзяла пробы вады ракі Дняпро на трансмежным участку з Рэспублікаю Беларусь. Згодна з вынікамі аналізаў, значэнні асноўных гідрахімічных паказнікаў адпавядаюць нарматывам для водных аб’ектаў рыбагаспадарчага прызначэння. Аднак колькасць жалеза перавышае норму ў 3,2 разу, а марганцу – у 6,2».

Са шкодным уздзеяннем забруджанага паветра здаўна змагаюцца мясцовыя жыхары:

«Смярдзіць нашым заводам! Ужо запоўнілі могілкі, і хто памірае? Памірае моладзь, да 40, пасля 40, да 50».

«Калі ў нас пачынаецца смурод, у яе пачынае балець галава і яна заліваецца кроўю з носа. Яна мне крычыць: мамачка, дапамажы, выратуй!»

Адкіды з заводу не замінаюць толькі ўладам Беларусі – як у Светлагорску, гэтак і ў сталіцы. Алена Маслюкова, светлагорская праваабаронца:

«Мясцовая ўлада ўсё гэта пакрывае, хавае. І яны не хочуць, каб пра гэта ўвогуле хто-небудзь ведаў. Мы і дзейнасць нашае групы – ім як бяльмо на воку».

Міністэрства аховы прыроды да гэтага часу не адказала на запыт актывістаў аб ранейшым скідзе, які адбыўся ў кастрычніку. У межах цяперашняга запыту ўкраінскі бок плануе кансультацыі з адказным ведамствам Беларусі.

Ганна Мордань, belsat.eu