Аб'ектыў 31.08.2017 Украіна пагражае Беларусі за выкрадзенага ФСБ украінца


Зніклы Павел Грыб перасякаў беларуска-украінскую мяжу 24-га жніўня, прызналі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі. Прэтэнзіяў да яго не было. Факт уезду жыхара Кіеву ў нашую краіну памежнікі пацвердзілі толькі праз некалькі дзён пасля розгаласу справы ў медыях і дыпламатычнай ноты МЗС Украіны Беларусі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, цяпер 19-гадовы хлопец знаходзіцца ўва ўпраўленні ФСБ у Краснадары.

Пошукі працягваюцца

«Усё што можна, усё падключылі, дзяржаўныя ўсе службы, міністэрства, грамадскія арганізацыі, праваабаронцы, Беларусі, Украіны». Сёння паехалі нашыя консулы з генеральнага консульства Украіны ў Растове-на-Доне правяраць інфармацыю аб яго месцазнаходжанні ў Краснадары«, – распавёў бацька зніклага Ігар Грыб.

Як выявілася пасля знікнення хлопца, у Расеі ён знаходзіцца ў вышуку як тэрарыст. У Гомлі ён сустракаўся з 17-гадовай жыхаркай Сочы: пазней яна прызналася журналістам, што на яе ціснулі з ФСБ. Для ўкраінскіх палітыкаў у святле знікнення Паўла Грыба пытанне бяспекі ўласных грамадзянаў на тэрыторыі Беларусі становіцца ўсё больш вострым.

Рэакцыя Украіны

«Беларусь на словах вядзе сябе як партнёр, а ў рэальнасці яны паводзяць сябе зусім па-іншаму», – рэзка адрэагавала Алена Зеркаль, намесніца кіраўніка МЗС Украіны.

Мяркуючы са словаў дыпламаткі, наступствы для беларускіх уладаў могуць мець доўгатэрміновы эфект. Да прыкладу, заявіла яна, Украіна можа паўплываць на працэс уступлення Беларусі ў Міжнародную гандлёвую арганізацыю.

У Беларусі гэтыя словы назвалі «бесперспектыўнымі пагрозамі»

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык зазначыў, што ўсе праваахоўныя органы Беларусі вядуць на тэрыторыі краіны пошукі Паўла, сабраную інфармацыю перададуць Украіне. Але ці паправіць гэта імідж?

Паводле афіцыйных дадзеных Генпракуратуры Расеі, Беларусь выдае ёй асобаў у вышуку найчасцей за ўсе замежныя краіны.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары