Украіна ідзе ў НАТО


Страшны сон Крамля хоча ўвасобіць у жыццё Пятро Парашэнка

Перабываючы з візітам у Нямеччыне, у інтэрв’ю газеце «Гамбургер Абэндблят» прэзідэнт Украіны заявіў, што зробіць, цытата, «усё магчымае, каб дамагчыся сяброўства ў Паўночнаатлантычным альянсе».

«Як прэзідэнт я кіруюся меркаваннем свайго народу і правяду рэферэндум пра сяброўства ў NATO», – запэўніў прэзідэнт Украіны.

У ліпені мінулага года Украіна і НАТО заключылі комплексны пакет падтрымання, які ахоплівае супрацу ў сарака галінах. Цяперашняя заява Парашэнкі можа быць ні чым іншым, як правяраннем рэакцыі заходніх партнёраў, мяркуе адмысловец Інстытуту ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Анатоль Зымнін.

Крэмль заўсёды востра рэагаваў на заяву Украіны пра імкненне ўвайсці ў НАТО

Пуцін неаднаразова даваў зразумець, што Расея не будзе мірыцца з пашырэннем альянсу на Усход, пагатоў за кошт постсавецкіх дзяржаваў.

«Калі інфраструктура ваеннага блока набліжаецца да нашых межаў. Гэта выклікае ў нас асцярогі. Мы таксама мусім прымаць крокі ў адказ. У гэтым нам ніхто не можа адмовіць», – даводзіў раней Пуцін.

З красавіка 2014-га года ва Украіне не сціхае канфлікт на тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласцяў, які падтрымліваецца з боку Расеі зброяй ды войскам.

У 2015-ым годзе ў выніку Менскіх перамоваў удалося прыпыніць буйныя баявыя дзеянні, аднак у ноч на 29-га студзеня сёлета ў раёне Аўдзееўкі сітуацыя зноў абвастрылася. Пад агонь трапілі жылыя кварталы.

Напярэдадні менская трохбаковая кантактавая група заклікала бакі цалкам спыніць агонь

Канфлікт на Данбасе на гэты момант сур’ёзна перашкаджае ўва ўступленні Украіны ў НАТО.

«Тут, вядома, Украіна не адпавядае патрабаванню замарожаных канфліктаў на сваёй тэрыторыі, Крым акупаваны і частка Данбасу акупаваная», – нагадаў Анатоль Зымнін з інстытуту Усходнееўрапейскіх даследаванняў.

НАТО не хоча раздражняць Расею

Акрамя таго, як паведаміла напярэдадні амерыканскае выданне «Wall Street Journal» са спасылкаю на неназваныя крыніцы, прадстаўнікі НАТО адмянілі перамовы з Кіевам у пытанні супрацьракетнай абароны ў Еўропе, каб не правакаваць Расеі.

Ігар Віняўскі, «Белсат»

Фота: Jaap Arriens / Zuma Press / Forum