Аб'ектыў 24.08.2019 Украіна адзначае Дзень незалежнасці


28 гадоў незалежнасці сёння адзначае нашая паўднёвая суседка. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звяртаецца да народу.

«Шаноўныя ўкраінцы! Мы розныя. Але мы разам. Павінны быць разам, бо толькі тады мы моцныя. Зразумець, што разлічваць павінны толькі на сябе».

Свята праходзіць у новым фармаце – кіраўніцтва Украіны адмовілася ад традыцыйнага параду ваеннай тэхнікі. Затое на свяце былі іншыя асаблівасці. Дзеці ў белай вопратцы размалёўвалі сімвалічныя шчыты «Беркута» ў жоўты і блакітны колер, музыкі гралі на піяніна і нават чыталі рэп.

У сваёй святочнай прамове прэзідэнт Украіны не абмінуў тэмы акупаваных тэрыторыяў. Гэтак, Крым ён параўнаў са скрадзеным у бацькоў дзіцём, якому далі новае пасведчанне аб нараджэнні, а Данбас…

«А другое вашае дзіця закрылі ў дзіцячым пакоі. І паставілі ўзброеную варту. Вам кажуць: «Якая варта? Там нікога няма. І вы чуеце, як за сцяной вашае дзіця плача. Але вы не можаце туды зайсці» – кажа Зяленскі.

Між тым валанцёры, ветэраны АТА і сваякі загінулых вайскоўцаў зладзілі свой, альтэрнатыўны дзяржаўнаму Марш абаронцаў Украіны.

«Нашая ўлада адмяніла афіцыйны парад. Ветэраны, валанцёры вырашылі па-свойму: параду быць. Я лічу, што парады важныя. Тым больш у краіне, якая ваюе, яшчэ адзін напамін тым, хто забыўся» – кажа ўдзельнік маршу.

Агульная колькасць наведнікаў дзяржаўнай і альтэрнатыўнай імпрэзы склала дзясяткі тысячаў чалавек. Адміністрацыя Зяленскага абяцае: грошы, якія ўдалося ашчадзіць на дэманстрацыі тэхнікі, раздадуць вайскоўцам у выглядзе прэміяў.

Ян Вярбіцкі belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары