Удзельнікаў акцыяў у Расеі збівала не толькі паліцыя


Расейскія ўлады жорстка разагналі мітынгі супраць карупцыі, арганізаваныя прыхільнікамі Аляксея Навальнага з нагоды дзяржаўнага свята – Дня Расеі. Разам з паліцыянтамі людзей збівалі таксама казакі.

Па дзяржаўных расейскіх каналах сёння паказвалі казакоў, байкераў, карагоды і какошнікі, Пуцін раздаваў дзяржаўныя прэміі ды казаў пра перажытыя смутныя 90-я.

На вуліцах гарадоў карагоды былі зусім несвяточныя.

Акцыі ў дзясятках гарадоў

Улады не дазволілі мітынгі супраць карупцыі, арганізаваныя штабам кандыдата на прэзідэнта Аляксея Навальнага. Кіраўнік Фонду барацьбы з карупцыяй, вядомага гучнымі расследаваннямі злачынстваў вышэйшага чынавенства, заклікаў да выключна мірных акцыяў пратэсту.

«Мы ніколі не пагодзімся на гэтую ідэальную канструкцыю Пуціна і Крамля: яны будуць красці мільярды, будаваць сабе палацы, а мы будзем маўчаць і глядзець сабе пад ногі», – заяўляў Навальны.

Пратэсты адбыліся паводле гадзінных паясоў Расеі – ад Уладзівастоку да Калінінграду.

Расейская паліцыя затрымала ад некалькіх сотняў да тысячы асобаў (толькі ў Маскве – 700) – у тым ліку і самога кіраўніка Фонду барацьбы з карупцыяй. Зараз Навальнаму пагражае 30 дзён арышту.

Яраслаў Сцешык; фота вокладкі – Яўген Фельдман