Удзельнік пратэсту супраць інтэграцыі: «Маё сэрца разрываецца, што мая краіна прападае»


Ужо а палове на дванаццатую раніцы ўздоўж галоўнага праспекту Менску ад Галоўпаштамту да цырку паўстаў жывы ланцуг. У акцыі, зарганізаванай грамадскаю кампаніяй «Свежы вецер», узялі ўдзел каля дзвюх соцень чалавек.

Уладзімір Мацкевіч, метадолаг, удзельнік кампаніі «Свежы вецер»: «Гэта вельмі простая форма, вельмі простая. І нас бачна, і мы адзін аднаго бачым, трымаемся за рукі. Не трэба ніякіх прамоваў, мы ведаем, за што стаім».

Уладзімір Някляеў, былы кандыдат на прэзідэнта: «Калі ў народу адабранае права самому вырашаць свой далейшы лёс, тады народ нягледзячы на ўсе забароны і правы, прыдуманыя ўладай, мае права вось так выйсці на вуліцы і патрабаваць, каб яму хоць бы сказалі, што там за яго збіраюцца вырашаць».

На правядзенне акцыі не было дазволу гарадскіх уладаў. Аднак гэта не спыніла яе ўдзельнікаў.

Удзельнікі акцыі:

«Мне не страшна. Чаму? А чаго тут баяцца? Наш герой Кастусь Каліноўскі не баяўся, і мы не баімся».

«Нічога дрэннага мы не робім, а выказаць сваё… стаўленне трэба».

«Лёс Беларусі нам неабыякавы, нашай радзімы, вось дзеля гэтага мы тут».

Апоўдні шмат хто з удзельнікаў маўклівага пратэсту далучыўся да акцыі на Кастрычніцкай плошчы ўжо з лозунгамі ды транспарантамі. Яе анансаваў лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Павел Севярынец, лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі: «На кароткі час інтарэсы Лукашэнкі і ягонага рэжыму супалі з інтарэсамі беларускага народу. Тое, што я на свабодзе і стаю перад вамі, азначае, што для Лукашэнкі не так і кепска, калі збярэцца шмат людзей і выкажацца за незалежнасць».

У пікавы момант, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на Кастрычніцкай плошчы было больш за сем соцень чалавек. Усе пратэстоўцы супраць падпісання Пуцінам і Лукашэнкам інтэграцыйных дамоваў, зместу якіх гэтак і не давялі да грамадзянаў.

Удзельнікі акцыі

«Сёння народ выйшаў пратэставаць супраць інтэграцыі. Але гэта выглядае не як інтэграцыя, а як акупацыя і здача нацыянальных інтарэсаў Беларусі».

«Маё сэрца разрываецца, што мая краіна прападае, не толькі назва, але краіна. Я не магу гэтага цярпець, каб аддаць сваю краіну суседцы».

На прыступках Палацу Рэспублікі, адкуль гучалі прамовы, міліцыянты ў цывільным распачалі штурханіну.

Акцыю пастанавілі не трымаць на месцы ды прайсціся па вуліцах сталіцы. Шэсце рушыла на плошчу Незалежнасці, затым – на плошчу Свабоды, у Купалаўскі сквер і да фінальнай кропкі – плошчы Якуба Коласа. Ужо заўтра Павел Севярынец заклікаў людзей зноў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу а 12-ай гадзіне.

Юлія Лабанава, «Белсат»