«Удзел у АТО – яго асабісты выбар». На магіле Алеся Чаркашына сабраліся сябры і родныя


Роўна два гады таму Алесь памёр у шпіталі ў Запарожжы ад ранаў, атрыманых у баі на Данбасе.

У вёсцы Камяніца-Жыравецкая пад Берасцем сабраліся сябры і родныя беларускага добраахвотніка Алеся Чаркашына, каб ушанаваць яго памяць.

Хто такі Алесь Чаркашын

У юнацтве – актывіст моладзевых арганізацыяў «Зубр» і «Край», удзельнік пратэстаў супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Потым – кіраўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Берасці. Пазней – студэнт Біблейскага інстытуту ў Херсоне. Пасля пачатку канфлікту на ўсходзе Украіны – добраахвотнік з пазыўным «Тарас», каплан і медык тактычнай групы «Беларусь», якае ваюе супраць гібрыдных расейскіх войскаў.

«Удзел у АТО ўва Украіне гэта быў яго асабісты выбар. Ён гэта не афішаваў, не публікаваў у сацыяльных сетках. Гэта быў яго асабісты выбар, асабістая справа, тое, што ён лічыў важным і патрэбным рабіць прама цяпер», – кажа Дзяніс Садоўскі з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Памяць Алеся сёння ўшанавалі на могілках пад Берасцем. Грошы на гэты помнік збіралі ў Беларусі, Украіне, Польшчы ды іншых краінах.

«На той момант самай »гарачай кропкай« у рэгіёне, самым гарачым фронтам барацьбы за нашу і вашу свабоду была Украіна. Украіна паспрабавала вырвацца і вырвалася з абдымкаў драпежнай імперыі, у тым ліку дзякуючы такім самаадданым людзям, як Алесь Чаркашын» – кажа Павел Севярынец.

 

За смеласць, за дапамогу брацкаму народу ў цяжкі час Алесь пасмяротна узнагароджаны украінскімі ордэнамі. Імя Алеся Чаркашына ёсць і на мемарыяле беларускім добраахвотнікам у Кіеве.

Загінулага беларускага добраахвотніка сёння ўспамінаюць не толькі ў Берасці, Менску і Кіеве. У Варшаве вечар памяці і паказ дакументальнага фільма «Белсату» пра Чаркашына прайшоў у Беларускім доме.

Хрысціянін, баец, аматар спорту і музыкі, Алесь быў рознабаковым чалавекам.

«Маёй задачай было сабраць усе гэтыя вобразы ў адзін фільм, расказаць і паказаць пра Алеся так, як яго не ведаў ніхто», – кажа аўтар фільма пра Алеся Чаркашына Антон Цялежнікаў.

«Алесь жыў і вучыўся ва Украіне, і для яго гэта было натуральна – ісці абараняць краіну, у якой знаходзішся, калі прыйшла такая бяда», – кажа Цялежнікаў.

Сябры, якія сабраліся ўшанаваць памяць Алеся, лічаць, што сёння беларусы павінны не толькі падтрымліваць украінцаў, але і рыхтавацца да абароны сваёй радзімы.

Яраслаў Сцешык, фота – Алесь Ляўчук