Участковы закрыў у багажніку вяскоўца, бо той не меў флікера


Віктар Кныш. Фота – «Белсат»

Віктар Кныш вяртаўся дадому нападпітку. За пяць хвілінаў да шостай каля дому на «Ніве» спыніўся ўчастковы Іван Дода, пачаў пытаць, дзе флікер.

«Я кажу: «А што, мне тут дадому 20 метраў засталося». «А, – кажа, – ты яшчэ і выпіўшы». Я кажу: «Ну, выпіў трохі, што, нельга?» Кажа: «Садзіся бягом у машыну» Я кажу: «Не, я дадому пайду», – прыгадвае Віктар Кныш.

Тады ўчастковы выскачыў з машыны. Гэты момант бачыў Валерый Хаміцкі.

«Выбягае ўчастковы, валіць Кныша ў гразь, нагой наступіў яму на спіну і наручнікі надзеў яму за спіну. Потым прыпадняў яго і амаль панёс яго ў багажнік. Менавіта багажнік, таму што аўтамабіль двухдзверны», – кажа відавочца.

Участковы замкнуў Кныша ў багажніку і павёз у шпіталь у Воранава, што за 30 кіламетраў ад Радуні. У аўтамабілі болей нікога не было. За некалькі месяцаў да здарэння Віктар Кныш перанёс інфаркт.

«Баяўся, відаць, што я забруджу яму сядзенне. Балота было. Лужы былі такія нармальныя. Гэта 14 лістапада было. Хаця мог куртку зняць, завезці», – прыгадвае Кныш.

Відэаверсію рэпартажу глядзіце ў поўным выданні навінаў за 9 сакавіка

На мужчыну склалі пратакол за адсутнасць святлоадбівальнага элемента. Пазней маці Віктара звярнулася да ўчастковага.

«Ці так можна? Ну я, можа, і груба, але сказала: ты не ўчастковы, а звер. Гэта толькі звер можа сустрэць чалавека і напасці, пагрызці, пабіць яго. І кажу: я напішу скаргу», – кажа Алена Кныш.

Участковы адказаў пратаколам аб непадпарадкаванні. Міліцыянт заявіў, што затрыманы «штурхаўся, хапаўся за форменнае абмундзіраванне». Суд участковаму паверыў.

«Ну і надавалі штрафаў гэтых, а гэтаму пасля кеска, кепска і кепска. Два тыдні пасля суда прайшло, трапіў у шпіталь, амаль тры дні кровацячэнні з носа, перш ногі адымаліся, потым кроў, потым хуткую па два разы на дзень выклікала, потым паклалі ў шпіталь. Зноў пішуць інфаркт галаўнога мозгу, другі раз», – працягвае маці Віктара Кныша.

Мужчына палічыў, што суд разгледзеў справу няпоўна і неаб’ектыўна, не прыняў да ўвагі паказанні сведкі. Скаргі абласны суд не задаволіў. Тады Віктар звярнуўся ў пракуратуру Воранаўскага раёну.

«Ніхто нічога не рабіў. Відаць, яны так сышліся, што праўда – за ўчастковым, дзе ён вёз, правільна, ён будзе адмаўляцца, што вёз мяне ў багажніку. Свае дамовяцца паміж сабой. Ніхто нічога не правяраў, я так зразумеў, што толькі са словаў участковых», – дадае Кныш.

Праваабаронцы кажуць, што перавоз чалавека ў багажніку – гэта наўмыснае перавышэнне паўнамоцтваў службовай асобы, спалучанае з ґвалтам, што прадугледжвае пакаранне пазбаўленнем волі да дзесяці гадоў.

Скаргі спадарыні Алены Кныш, маці пацярпелага, пакуль не дапамаглі. Фота – «Белсат»

Пракуратура Воранаўскага раёну адказала, што ў шпіталі на відэакамерах не быў зафіксаваны момант выхаду з аўтамабіля. Таксама напісалі, што Хаміцкі Валерый не з’яўляецца сведкам, хаця з ім нават ніхто не размаўляў. І на падставе гэтага прыйшлі да высновы, што няма пацверджання факту перавозкі Кныша ў багажніку аўтамабіля».

Гучыць, як няпоўная і павярхоўная выснова – кажа юрыст.

«Пракурор мог правесці агляд месца здарэння, паглядзець, ці былі сляды адзення затрыманага ў багажніку ці праверыць на наяўнасць слядоў багажніка на вопратцы затрыманага. Увогуле, атрымліваючы такую скаргу, пракурор павінен перадаваць такія заявы ў Следчы камітэт для правядзення праверкі», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксей Лойка.

Віктар Кныш і ягоная маці Алена. Мужчына збіраецца скардзіцца на ўчастковага ў вышэйшыя інстанцыі. Фота – «Белсат»

Віктар Кныш збіраецца скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі. У сваю чаргу ўчастковы Іван Дода з намі размаўляць не пажадаў, маўляў, звяртайцеся да кіраўніцтва, якое традыцыйна раіць пісаць пісьмовыя запыты. Мы працягнем сачыць за гэтай гісторыяй.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»