Аб'ектыў 24.05.2018 «Убяры пісталет і ўбірайся». Жыхары Любані скардзяцца на лейтэнанта МУС


Чарговыя выпадкі неадэкватных дзеянняў супрацоўніка міліцыі зафіксаваныя ў Любані. Адразу дзве сям’і на працягу месяца паскардзіліся на дзеянні таго самага ўчастковага. Як лейтэнант міліцыі змог на працягу двух тыдняў пакрыўдзіць ажно дзве сям’і?

У Любані – канфлікт мясцовых жыхароў з участковым міліцыянтам. Са словах любанцаў, Андрэй Вішчэня перавышае службовыя паўнамоцтвы, а не так даўно пагражаў пісталетам вось гэтаму сабаку.

Толькі на працягу красавіка жыхары Любані некалькі разоў скардзіліся на дзеянні лейтэнанта Андрэя Вішчэні. Так, 8 красавіка ён, са словаў пацярпелых, уварваўся ў кватэру да сям’і Главацкіх пасля выкліка суседзяў і без прадстаўлення ды тлумачэнняў разам з калегамі стаў проста заламваць Анжэлу і Аляксандра Главацкіх ды сілай выцягваць іх на вуліцу.

«Я падыходжу, стаяць супрацоўнікі міліцыі. Брат ляжыць на зямлі ў наручніках. Я падыходжу – рабяты, што зарылася? А ён на няме – А ты што? Я кажу – Я нічога. І ён мне мне пачынае заламваць рукі. Заламаў рукі, апрануў наручнікі, перавярнуў і пачаў у твар лакцямі біць», – кажа жыхар Любані Іван Главацкі.

Пасля гэтага ўсіх трох затрыманых даставілі ў аддзяленне міліцыі і праз пэўны час адпусцілі. У выніку, пацярпелыя знялі пабоі і зрабілі судмедэкспертызу. Але яе вынікі пакуль яшчэ не прыйшлі, хоць з моманту здарэння прайшло паўтара месяцы.

«У нашым любанскім РУУС, у гэтай міліцыі, расказваюць людзі, што робіцца беспредел. Людзі ўзялі на сябе такую нагласць і свае паўнамоцтвы занадта перавышаюць настолькі, што ўжо пачалі скардзіцца нашы любанскія жыхары», – распавядае жыхарка Любані Ліза Андрэева.

Сапраўды, гэта скарга не адзіная. 26 красавіка той самы ўчастковы Вішчэня разам са сваім сябрам прыйшоў у двор да сям’і Храловіч, каб вырашаць пытанне аб падзеле маёмасці. І нават у такім выпадку цярпімасці і такту яму не хапіла. Гэтак, па словах Аляксандра Храловіча, Андрэй Вішчэня збіраўся прымяніць пісталет, калі з дому выбег сабака, а таксама выйшлі гаспадары.

«Жонка сказала «Убяры пісталет і ўбірайся з майго двара сам». У другі раз, калі яна гэта сказала, супрацоўнік міліцыі схапіў яе за руку і паспрабаваў яе заламаць», – распавядае жыхар Любані Аляксандр Храловіч.

У выніку, Таццяну таксама даставілі ў РУУС. А пазней Вішчэня склаў на яе пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні – абразе супрацоўніка міліцыі. Сям’ю Храловіч з матэрыяламі справы не азнаёмілі, нават не выдалі на рукі копію пратаколу. Фактычна, Таццяна да нядаўняга часу не ведала, у чым яе абвінавачваюць.

«Участковы Вішчэня – гэта сын лепшага сябра былога мужа маёй супругі. Я не выключаю такой магчымасці, што нехта некаму проста заплаціў», – адзначае Аляксандр Храловіч.

Сам жа Андрэй Вішчэня ад любых каментароў катэгарычна адмовіўся.

Па рашэння суду Любанскага раёну Менскай вобласці Таццяну Храловіч аштрафавалі на 20 базавых велічыняў. Яна збіраецца абскарджваць гэтую пастанову, а таксама заяўляе, што міліцыянт і сведка абвінавачвання давалі заведама непраўдзівыя паказанні.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары