У Жыровічах – выбух каронавірусу і падрыхтоўка да юбілейных святкаванняў


Мястэчка Жыровічы стала новым гарачым пунктам на мапе распаўсюду каронавіруса: пасля велікодных урачыстасцяў былі шпіталізаваныя больш за 40 чалавек. Адначасна тут інтэнсіўна рыхтуюцца да новых урачыстасцяў: у траўні спаўняецца 500 гадоў Жыровіцкаму манастыру і слыннаму абазу Маці Божай Жыровіцкай.

Жыровіцкі манастыр, Дом пілігрыма, Духоўная семінарыя і яе інтэрнат – цяпер на каранціне. Не адпраўляюць службаў і ў галоўным Свята-Успенскім саборы, дзе захоўваецца абраз Маці Божай Жыровіцкай. Светары ад каментароў адмаўляюцца, а працаўнік манастыра ня бачыць сурʼёзнасці праблемы.

«Сам працую ў манастыры, але каб нейкая паніка была ці што – не, усё спакойна. Хто хоча – па жаданні – можа выйсці на працу. Мне, папраўдзе, здаецца, што наконт гэтых усіх захворванняў – больш панікі».

У Жыровічах працягвае працаваць аграрны каледж ды іншыя ўстановы. Мясцовыя жыхары лічаць, што хворых нашмат больш за афіцыйную лічбу, і абураюцца, што царкоўны комплекс не закрылі цалкам, а служак не ізалявалі.

«Гэтулькі людзей шпіталізавана з семінарыі! Што яны тут ходзяць вольна? Чаму ізаляцыі няма? Што я думаю пра гэта? Баімся за дзяцей сваіх».

«Баяцца людзі. Вельмі штам боязі. Тым больш што па тэлебачанні дзяржаўным так званым сапраўдныя факты хаваюць.Трэба было ўводзіць каранцін. А так – пусцілі на самацёк».

«Я ведаю, што з тэхнікуму тыя людзі, якія на ўсяночную хадзілі, яны ізаляваныя. У мяне сусед – бацюшка, то хуткая да яго прыязджала, не ведаю, ці забралі, ці дома застаецца ў ізаляцыі».

«Вельмі шмат хворых: штодня вывозяць, вывозяць і вывозяць у шпіталі. Тут вось інтэрнат семінарыі – адсюль учора вывезлі жанчыну, таксама каронавірус. Тут вось святар на трэцім паверсе жыве – таксама вывезлі. Але гэта ўсё так схавана – разумееце? Усё так схавана, у нас няма хворых… Не трэба так рабіць! Наадварот, трэба казаць, каб людзі ведалі, што тут вельмі шмат хворых».

Менш як праз месяц – 20 траўня – спаўняецца 500 гадоў жыровіцкаму Свята-Успенскаму кляштару і 500 гадоў паўторнага абʼяўлення цудадзейнага абраза Маці Божай Жыровіцкай. І ў цэнтры мястэчка вядуцца інтэнсіўныя рэстаўрацыйныя і будаўнічыя працы.

«Добраўпарадкуем: плітку кладзём, возера парадкуем. Шмат людзей працуе? Так. Колькі – не ведаю».

«Ну што баяцца? Не баімся – проста трэба здаць да траўня – вось і ўсё».

«Калі з кімсьці размаўляем, то апранаем маску, а калі адныя, то без маскі. Стараемся абараніцца, а так… Чаго баяцца? Працаваць усё роўна трэба».

«Што за паніка? Гэты вірус – звычайны грып, я лічу. Можа ў кагосьці якое хранічнае захворванне, то тады праблема. А здароваму чалавеку гэта да дупы».

«Я не баюся – мяне гэта не зачэпіць. Чаму не зачэпіць? Бо я малады».

Паводле працаўнікоў Жыровіцкага манастыра, на пяцісотгадовых юбілейных урачыстасцях чакаюць царкоўных іерархаў, а таксама найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Святкаванні не адмяняюцца, пацвердзілі ў Праваслаўнай царкве.

«Пакуль што ніякіх рухаў, каб адмяніць ці перанесці свята, не было. Назіраем за тым, як развіваюцца падзеі, і затым будзем прымаць адпаведныя рашэнні», – кажа старшыня Сінадальнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы, протаіерэй Сяргей Лепін.

Мясцовыя актывісты, наадварот, заклікаюць узмацніць захады бяспекі.

«Трэба ўвесь час даваць праўдзівую інфармацыю. Бо калі мы яе хаваем, то людзі яе дадумваюць самі. А дадумваюць – заўсёды самае горшае. І таксама трэба даваць інфармацыю людзям, як карыстацца сродкамі бяспекі і што рабіць, каб не захварэць», – кажа грамадскі актывіст Віктар Марчык.

У Беларускай праваслаўнай царкве не пацвердзілі, але і не абверглі масавага інфікавання каронавірусам у Свята-Елізавецінскім манастыры ў Менску. Але царкоўныя іерархі заклікаюць вернікаў не наведваць могілак у дзень памяці памерлых – на Радаўніцу.

Галіна Абакунчык, «Белсат»