Аб'ектыў 30.04.2019 У жыхароў менскага мікрараёну забіраюць паркоўку, збудаваную за ўласныя грошы


Жыхары аднаго з дамоў па вуліцы Любімава, якія бароняць уласны паркінг. Фота – «Белсат»

На сталічнай вуліцы Любімава ў людзей забіраюць прыватную паркоўку, збудаваную за ўласныя грошы і з дазволу мясцовых уладаў. Змянілася адміністрацыя раёну, прыйшоў загад дэмантаваць. У адказ жыхары зладзілі стыхійны мітынг.

Яшчэ сёння ранкам тут ляжала парковачная сетка для аўтамабіляў. Аднак невядомыя людзі прыйшлі яе здымаць. Мясцовыя жыхары выйшлі бараніць сваю ўласнасць.

Рэпартаж з вуліцы Любімава глядзіце ў поўным выданні навінаў за 30 красавіка

Жыхары дому нумар 13 на вуліцы Любімава ў Менску пакінулі працу і зладзілі стыхійны мітынг пасля таго, як работнікі без апазнавальных знакаў пачалі дэмантаваць паркоўку, якую людзі збудавалі за ўласныя грошы.

«Заплацілі і ЖЭС яе будаваў: усё зацвердзілі, ДАІ тут было падпісвала. А калі сёння пачалі здымаць пакрыццё і я выйшаў запытацца, хто вы, то адзін з чыноўнікаў адвярнуўся і сказаў, што не хоча з намі размаўляць», – кажа адзін з жыхароў дому.

Паркінг на сорак пяць месцаў жыхары 13-га дому на Любімава ў Менску збудавалі на прапанову мясцовых уладаў побач з дарогаю, каб разгрузіць двары. Кожны выдаткаваў каля $ 200, аднак прыйшлі новыя чыноўнікі і пастанавілі яе прыбраць. Кажуць, што гэта патрэбы бяспекі.

«Нібыта замінае хадзіць, нібыта стварае перашкоды для руху, нібыта стварае небяспеку для малых дзяцей», – кажуць мясцовыя жыхары.

Чатырыста подпісаў жыхароў дому, якія прасілі не вяртаць аўтамабіляў у перагружаны двор, ня сталі вартымі ўвагі раённых і гарадскіх уладаў.

«Мы будзем тут стаяць і не даваць разбураць. Звернемся ва ўправу справамі прэзідэнта. Будзем звяртацца туды, калі мясцовая адміністрацыя нічога не можа вырашыць. Калі яны наплявалі на 400 чалавек, то гэта невядома што», – заяўляюць жыхары.

Паводле мясцовых жыхароў, чыноўнікі з’ехалі з месца падзеі, калі даведаліся аб прыездзе журналістаў «Белсату». Не адказвалі на тэлефанаванні і ў адміністрацыі Маскоўскага раёну.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары