У занядбаным касцёле ў Беніцы раскіданыя людскія парэшткі


Чарапы і косткі дарослых і дзяцей у паламаных трунах чакаюць годнага пахавання ў вёсцы Беніца Маладзечанскага раёну. Людскія парэшткі раскіданыя ў скляпеннях касцёла, будынак якога мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Беніцкі касцёл – сведка не толькі слыннай гісторыі краю, але і сучаснага бяспамяцтва. На жаль, занядбанаю сталася не толькі святыня, але нават людскія парэшткі ў яе скляпеннях.

Касцёл стаіць далёка ад буйных дарог і турыстычных маршрутаў, але цікаўныя аматары гісторыі краю здолелі дабрацца і сюды і ўразіцца пабачаным.

«Там былі разламаныя труны з косткамі людзей. Вельмі шмат костак ссыпаныя гарой – ні адна, ні дзве, ні тры труны – шмат больш. Косткі перамяшаныя – дзіцячыя, дарослыя. І для мяне стала важным данесці гэтую інфармацыю да грамадскасці, да дзяржавы, што мы не можам гэтак ставіцца да сваіх помнікаў і да сваёй гісторыі. Пагатоў гэта людскія парэшткі, і мы мусім ахоўваць пахаванні», – апавядае Аляксандр Іваноў, вандроўнік і краязнаўца-аматар.

Касцёл разрабавалі і ператварылі ў зернясховішча яшчэ ў паваенныя гады. Паводле мясцовага падання, гаспадар тутэйшага маёнтку і фундатар святыні загадаў пакласці ў труну вялікую колькасць золата: у пошуках скарбу разрабавалі і пахаванні ў касцельных сутарэннях. З таго часу занядбанаю застаецца і святыня, і людскія парэшткі, адзначаюць мясцовыя жыхары.

«Пабудаваныя гэтулькі гарадоў, дамоў, а да гэтай святыні нікому справы няма. Гэта з XVII стагоддзя стаіць – не разбурыўся: і войны былі, і склады калгасныя – там жа страшна, што рабілася. Падлазілі ў сутарэнні, даставалі чарапы, на палкі надзявалі. Хоць бы там дзверы былі зробленыя ці пафарбаваныя, каб гэта было відаць, што гэта помнік архітэктуры. Толькі шыльда», – кажа мясцовая жыхарка.

У Міністэрстве культуры на пытанні пра помнік архітэктуры адказ кароткі. Упраўленне аховы гістарычна-культурнай спадчыны:

«Звяртайцеся афіцыйна – мы адкажам».

Вясковай святыні – больш за трыста гадоў, і толькі аднойчы была спроба яе рэстаўраваць сіламі мясцовага калгасу. А збудаваў касцёл і кляштар магнат Міхаіл Коцел для манахаў-бернардынаў. Магчыма, што занядбаныя ў сутарэннях людскія парэшткі і належаць манахам, святарам ды сям’і фундатараў, мяркуюць краязнаўцы.

«Цяпер касцёл застаецца на ўзбочыне турыстычных шляхоў. Але паколькі гэты помнік архітэктуры прывабліваў бы ўвагу, то яго варта было прывесці да ладу. Я думаю, што знайшліся бы валанцёры, якія ўзяліся б за ўпарадкаванне, і я ведаю такіх людзей. А сам будынак – ён яшчэ доўга будзе стаяць», – кажа краязнаўца Таццяна Кляшчонак.

Мясцовыя сцвярджаюць, што нашчадкі апошніх уладальнікаў маёнтку ў Беніцы – Швыкоўскія з Польшчы – нібыта хочуць за ўласныя сродкі ўпарадкаваць святыню. Пытанне толькі, ці атрымаюць яны такую магчымасць.

Галіна Абакунчык, belsat.eu