У выпадку вайны Лукашэнка разлічвае на БРСМаўцаў


Чырвона-зялёны сцяг – у кожны дом падчас перапісу насельніцтва! Гэтую ідэю падтрымаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Паводле кіраўніка краіны, арганізацыю трэба надзяліць уладнымі паўнамоцтвамі і зрабіць баяздольнаю.

Стабільнасць, дзяржава для народу, навокал ворагі. Нібыта старую кружэлку завёў кіраўнік краіны на імпрэзе з нагоды 100-гадовага юбілею камсамолу. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік краіны:

«Раптам, не дай бог, канфлікт, вайна – якія ты структуры задзейнічаеш? Як было ў Вялікую Айчынную вайну? Камуністы, камсамольцы, наперад!»

Менавіта на БРСМ ускладае вялікія надзеі Лукашэнка. Ён запрапанаваў надзяліць арганізацыю ўладнымі паўнамоцтвамі, каб тыя сталіся сапраўднымі памочнікамі дзяржавы. Жыхары Менску смяюцца:

«Давайце тады надзелім паўнамоцтвамі… Каго? Асацыяцыю аніматараў, напрыклад, таксама цікава. Клоўны таксама будуць сваю нейкую лепту ўносіць у развіццё нашай краіны цудоўнай».

«Па-мойму, гэта глупства будзе поўнае».

«Гэта будзе поўны трэш».

«Я супраць, маладыя не могуць развязваць такія пытанні».

Гаворка кіраўніка краіны пра ўладныя паўнамоцтвы БРСМ – гэта, хутчэй, пустаслоўе, мяркуе метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Маўляў, фактычна ўлады ў Беларусі не маюць нават тыя, хто павінен – Палата прадстаўнікоў ці Савет Міністраў.

«БРСМ створаны як і калісьці БПСМ – як інструмент рэалізацыі ўлады і ўздзеяння на моладзь. Дзе і калі хто-небудзь бачыў, каб інструменту надавалася ўлада?» – тлумачыць Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг.

Аляксандр Лукашэнка заахвочвае моладзь быць больш ініцыятыўнаю, ставячы ў прыклад развіццё IT-галіны. БРСМ ідэі ўжо мае. Што праўда, своеасаблівыя: падарыць кожнай сям’і падчас перапісу чырвона-зялёны сцяг і надаць палацу Незалежнасці, які паўстаў пяць гадоў таму, статус гістарычна-культурніцкай каштоўнасці. Як той казаў, чым бы дзіця ні цешылася, абы… не выступала супраць. Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг:

«Моладзь патрэбная проста як тое, што небяспечнае для яго, але павіннае быць падкантрольным. Менавіта дзеля кантролю над моладдзю і ствараюцца такія арганізацыі, як БРСМ».

А галоўнае, чаго сёння патрабуюць людзі, – гэта справядлівасць, заўважае раптам Лукашэнка ды выказваецца супраць фармалізму і чалецтва пад прымусам. Жыхары Менску пра БРСМ:

«Прымусова гэта было, у школе прымусілі».

«Ва ўніверсітэце – далі запоўніць анкету, і вось табе білет».

«Хадзілі, агітавалі ўступаць туды. Зніжкі ўсялякія былі: можна было хадзіць на коўзанкі, у кіно, усё такое».

Паводле кіраўніка краіны, галоўнае для БРСМ на сёння – гэта ўплываць на моладзь, якая застаецца па-за арганізацыяй. Што праўда, невядома, якім чынам. Раптам высвятляецца, што за больш як 15 гадоў працы арганізацыя не вызначылася з галоўнымі кірункамі працы. Дапамагчы БРСМ з ідэямі просім былога моладзевага актывіста.

«БРСМ можа зрабіць нешта карыснае, вельмі класную рэч – самараспусціцца! Або ж пачаць працаваць не за бюджэтныя сродкі. Калі яны захочуць папрацаваць не за бюджэтныя сродкі, мне вельмі было б цікава, колькі там народу ўвогуле застанецца. То бок гэта людзі, якія за бюджэтныя грошы чамусьці збіраюць подпісы за Лукашэнку на выбарах і ўвогуле займаюцца нейкімі дзіўнымі рэчамі», – каментуе былы моладзевы актывіст Павел Вінаградаў.

Добраахвотна-прымусовае добраўпарадкаванне, ідэалагічна-сацыяльныя акцыі, прапагандысцкія імпрэзы, зʼезды, валанцёрствы ды іншыя «кірункі дзейнасці» БРСМ каштуюць бюджэту каля трох з паловаю мільёнаў долараў за год.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu