У вёсцы Зарэчча камуналку можна аплаціць пластыкавымі бутэлькамі і макулатурай


Бутэлькамі, пластыкам і макулатурай, а не грашыма можна аплаціць камунальныя паслугі ў вёсцы Зарэчча Рагачоўскага раёну. Чаму вяскоўцам прапаноўваюць такі нестандартны варыянт аплаты?

«Зарплаты маленькія. Вось я працую на ферме даяркай. Ну, так зарплата. Не вельмі. На ранку трэба ўстаць, папрацаваць. Таму грошай як бы не хапае. Калі нешта купіць, то трэба крэдыт браць. Плаціць яго», – кажа жыхарка в. Зарэчча Антаніна Кавалёва.

«Бывае, што пазнавата зарплату даюць на комплексе. І бывае, што камунальныя не заўсёды ў час плацяцца, а потым і пеня нарастае», – дадае жыхарка Зарэчча.

Запазычанасці ў заробках і малы дастатак шкодзяць не толькі людзям, але і эканоміцы рэгіёну. І ўлады не даюць з гэтым рады.

«Насельніцтву няма чым плаціць камунальныя паслугі, ім няма за што купляць прадукты харчавання. Іншымі словамі стратна працуе гандаль. І тады не прыдумваецца нічога лепшага, чым проста насельніцтву, груба кажучы, ну што ім прапанаваць? Збіраць ісці бутэлькі і паперу», – тлумачыць грамадскі актывіст Дзяніс Дашкевіч.

Службы, якія ініцыявалі аплату праз здачу сыравіны, перакананыя, што ініцыятыва важная для людзей і апраўдвае сябе.

«У прынцыпе, людзі ідуць нам насустрач. Некаторым так нават зручней. Папера, у любым выпадку – выпісваюць газеты. Збіраюць макулатуру. І калі гэта будзе неяк зніжаць іх запазычанасць, чаму б не?», – пытаецца працаўніца ЖЭУ Рагачова.

Колькі ж трэба здаць макулатуры ці бутэлек, каб аплаціць камуналку?

Жыхары вёскі Зарэчча:

«Ой багата! Трэба багата. Яна ж лёгкая – макулатура. Багата трэба, каб назбіраць ды заплаціць за камуналку. Гэта можа год трэба збіраць».

«А пытанне тады, а дзе яго ўзяць, шкла? Ну, дзе яго ўзяць? Не пабяжыш жа бутэлькі збіраць».

На новыя ініцыятывы, замест выплаты прыстойных заробкаў, зарачанцы рэагуюць проста: «Ой, нам ужо не да макулатуры».

Ігнат Барэйка, «Белсат»