У вяскоўцаў забралі агароды праз дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=KJI88asl-d8&feature=youtu.be”][vc_column_text]На Гомельшчыне праходзіць дэмаркацыя беларуска-ўкраінскае дзяржаўнае мяжы. У выніку беларуская вёска Глыбоцкае і ўкраінскае сяло Ільмоўка апынуліся падзеленыя мяжою. А на дадатак жыхарам Глыбоцкага яшчэ і абрэзалі агароды, якія падыходзяць да дэмаркацыйнае лініі.

АНДРЭЙ, ЖЫХАР ВУЛ. УСХОДНЯЙ:
«Мы з бацькам нават гною паспелі навезці, але тою зямлёю не маем ужо права карыстацца».

Вуліца Усходняя – апошняя ў Глыбоцкім перад украінскаю мяжою. У Андрэя з 23-ох сотак зямлі забралі палову – акурат тую, дзе раней садзілі бульбу, другі хлеб беларускага селяніна. Пры тым, што агарод не падыходзіць беспасярэдне да лініі мяжы. Наадварот – далей за імі яшчэ ідуць вялікія аблогі. Амаль на кіламетр.

АНДРЭЙ, ЖЫХАР ВУЛ. УСХОДНЯЙ:
«Калі ўчастка не будзе, гэта самі знаеце – гіблая справа. Самі ведаеце, якія заробкі цяпер. Для мяне ўчастак – гэта ўсё».

У кожнага жыхара Глыбоцкага свая гісторыя з абрэзанымі надзеламі. У шматдзетнай маці Алы, жыхаркі вуліцы Леніна, зусім неспадзявана для яе забралі частку агароду.

АЛА, ШМАТДЗЕТНАЯ МАЦІ, ЖЫХАРКА ВУЛ. ЛЕНІНА:
«У мяне забралі агарод, які ўжо быў узараны. Мо хай бы забіралі незаараныя агароды, а нашы не чапалі б?»

Спадарыня Ала кажа, што ёй прапаноўвалі замену – на іншай вуліцы. Аднак яна цэлы дзень працуе на ферме і не мае часу ўрабляць агарод у іншым канцы паселішча. У Маркавіцкім сельсавеце, да якога належыць Глыбоцкае, паабяцалі кампенсацыі.

ВАЛЯНЦІНА СЛЮНЬКОВА, КІРАЎНІЦА СПРАВАЎ МАРКАВІЦКАГА СЕЛЬСАВЕТУ:
«Тыя ўчасткі, на якіх пасеяныя азімыя, дзе ўнесеныя арганічныя ўгнаенні, па гэтых участках будуць кампенсацыі грамадзянам. Павінен чалавек паказаць, куды яму ўнесці арганічныя ўгнаенні. Таму я думаю, што насельніцтва зусім не пацерпіць».

Тым часам дэмаркацыя дзяржаўнае мяжы Беларусі з Украінаю працягваецца. Пакуль толькі траціна мяжы ўпарадкаваная. І трэба спадзявацца, што досвед Глыбоцкага навучыць улады быць больш уважлівымі да вяскоўцаў, якія жывуць у памежнай паласе.

Максім Кот, «Белсат»