У Вярхоўным судзе затрыманыя «кандыдаты пратэсту»


Траіх «кандыдатаў пратэсту» і чацвярых іхных паплечнікаў затрымалі ў будынку Вярхоўнага Суда падчас разгляду скаргаў на рашэнне ЦВК ад 15 траўня адмовіць у рэгістрацыі іхных ініцыятыўных групаў. Падставаю для затрымання нібыта сталася вопратка актывістаў. «Кандыдаты пратэсту», якія спрабавалі абскардзіць рашэнне Цэнтрвыбаркаму, атрымалі адмову ў здавальненні сваіх заяваў і ў Вярхоўным Судзе.

«Абурыла, што суд абсалютна ня стаў разглядаць мае сведчанні, а таксама сведчанні людзей пра ціск цягам разбіральніцтва. Суд ня стаў разглядаць, што было шмат памылак у пратаколе самой камісіі», – паведаміў «кандыдат пратэсту» Ігар Кляшчук.

Сёння ж Цэнтральная выбарчая камісія працягнула разглядаць заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. З 23 заяваў здаволілі толькі адну – бізнэсоўцы Наталлі Кісель. Адмовілі ў рэгістрацыі лідару «Народнай грамады» Мікалаю Статкевічу ды ягонай жонцы Марыне Адамовіч, а таксама яшчэ прыблізна двум дзясяткам «кандыдатаў пратэсту» з розных рэгіёнаў Беларусі.

«Вось у гэтым будынку адбываецца беззаконне – тут не дзейнічаюць ніякія законы Рэспублікі Беларусь: навыдумлялі нейкіх фармальных прычын, нібыта, камусьці тэлефанавалі, і там мяне не ведаюць, але гэта няпраўда», – кажа «кандыдат пратэсту» з Жодзіна Дзмітрый Кудравец.

«У мяне ў групе 550 чалавек: колькі яны праверылі, хто што сказаў – ніякіх запісаў няма, ніякага пацверджання: усяму гэтаму трэба верыць на слова», – паведамляе «кандыдат пратэсту» са Жлобіна Пётр Карабанаў.

«Бязмежжа поўнае: такое ўражанне, што размаўляеш з карцінкамі, а не жывымі людзьмі. Яны цудоўна ведаюць, што ім нічога не будзе за парушэнне дзейных законаў», – сведчыць «кандыдат пратэсту» з Горадні Мікалай Салянік.

Сябра партыі «Народная грамада» Сяргей Спарыш гэтак пракаментаваў падзеі.

«Любы нармальны кандыдат, які штосьці сабой уяўляе, яго пад любымі надуманымі нагодамі будуць спрабаваць не прапусціць. На гэты момант не дапушчаныя самыя сурʼёзныя кандыдаты: гэта Сяргей Ціханоўскі, а таксама «кандыдаты пратэсту» Мікалай Статкевіч», – заяўляе сябра «Народнай Грамады» Сяргей Спарыш.

Сяргей Спарыш таксама быў затрыманы ў будынку Вярхоўнага Суда разам з іншымі «кандыдатамі пратэсту». Цэнтрвыбаркам працягне разглядаць заявы кандыдатаў на ўдзел у выбарчай кампаніі заўтра.

Галіна Абакунчык, «Белсат»