У Вялікай Брытаніі пачалася масавая вакцынацыя супраць COVID


Менш за год таму на пачатку эпідэміі каронавіруса Лукашэнка адмаўляў яго існаванне, называў «псіхозам».

А сёння гэты ж чалавек спадзяецца, што на плато ўжо выйшлі. Згодна з афіцыйнай статыстыкай – сапраўды так. Але сёння ініцыятыва «Белыя халаты» апублікавала альтэрнатыўныя звесткі. Згодна з імі за апошнія 6 дзён у 12 шпіталях памерла 31 асоба. Міністэрства аховы здароўя кажа пра 49 смерцяў за апошнія 6 дзён. «Белыя халаты» зазначаюць, што звесткі не могуць акрэсліць сітуацыю па ўсёй Беларусі, але наш эксперт таксама зрабіў высновы.

«Лічба 430 захварэлых за апошнія 6 дзён павінна насцярожваць, бо гэта адна чацвёртая ад тых афіцыйных лічбаў цалкам па краіне, якія прыводзяцца», – лічыць лекар гарадзенскага гарадскога шпіталю Уладзімір Пруднікаў.

Тым часам у Вялікай Брытаніі сёння пачалася масавая вакцынацыя. Першую прышчэпку амерыканскай кампаніі «Pfizer» і нямецкай «BioNTec» атрымала 90-гадовая Маргарэт Кінан. Кожная новая вакцына мусіць прайсці тры этапы. У трэцяй фазе выпрабавання гэтай вакцыны ўзялі ўдзел больш за 40 тысячаў чалавек.

«Гэта дастаткова шмат для таго, каб можна было выявіць частыя пабочныя рэакцыі. Пасля рэгістрацыі не спыняецца назіранне за вакцынай. Гэта называецца чацвёртая фаза даследавання», – распавядае імунолаг Фёдар Лапій.

Адмысловец дадае, што на сто адсоткаў быць упэўненымі ў эфектыўнасці прышчэпкі – яшчэ рана, але рызыка каронавіруса вышэйшая за рызыку пабочных эфектаў вакцыны. На рынку лідаруе яшчэ выраб амерыканскай кампаніі «Moderna» і расейская вакцына «Спутнік». Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, цяпер выпрабаванні праходзяць амаль 50 прэпаратаў.

«Bloomberg» паведамляе, што ўсе краіны Еўразвязу замовілі вакцыны – у сярэднім па дзве прышчэпкі на аднаго грамадзяніна.

Жыхары Віцебску распавялі, ці баяцца вакцынацыі:

«Я дакладна адразу вакцынавацца не планую. Буду глядзець па водгуках».

«Толькі расейскай, больш ніякай». – «Чаму?» – «Таму што я давяраю расейцам».

«Зараз я не маю такога даверу да ніводнай вакцыны».

«Я лічу, што на сёння вакцына недастатковага ўзроўню, каб яе выкарыстоўваць людзям, тым больш расейская вакцына».

Праблемы з даверам ёсць і на Захадзе. Гэтак, тры былыя прэзідэнты ЗША: Абама, Клінтан і Буш – гатовыя вакцынавацца на камеру, каб падвысіць давер амерыканцаў.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu