У Воршы пачалася «рэвалюцыя»


У Воршы пачалася абяцаная кіраўніком краіны гэтак званая «рэвалюцыя». Тысячы мясцовых жыхароў напярэдадні ўзялі ўдзел у экстраным суботніку. Але ці вераць аршанцы ў хуткія перамены да лепшага?

Жыхары Воршы:

«У нас крызіс у Воршы, шмат стратных прадпрыемстваў, не стае працоўных месцаў. Я сам не магу знайсці працу ўжо 5 месяцаў».

«Людзі стараюцца, людзі працуюць, шукаюць працу. Працы няма, заводы, вы ведаеце, як у нас працуюць, заробкі нізкія, нават у гарадскі бюджэт, я думаю, грошай паступае мала».

«Мы не самі ствараем канцэпцыю развіцця гораду, а нам яе як бы спускаюць зверху. Не вядома, адкуль – з Менску ці з Масквы. Таму мы і варымся ў гэтым катле і выніку вельмі мала».

«Я лічу, што ў Воршы няма стабільнага, стандартнага, аднаго кіраўніка, якому б далі час спярша на рэабілітацыю гораду, а потым ужо на планаванне нейкіх новых праектаў».

Між тым на гэтым тыдні ў Воршы зноўку змяніўся кіраўнік райвыканкаму – ужо чацвёрты раз за апошнія паўтара года. Як тут выканаць загад Лукашэнкі падняць Аршаншчыну «з руінаў і попелу»?

Ігар Казмерчак, грамадскі актывіст, рэдактар парталу «orsha.eu»: «Задача стаіць да 20-га года падняць Аршаншчыну. То бок з 2018-га, калі праграма мусіла пачаць дзеяць, да 20-га, за два гады, справіцца з дзясяткамі прадпрыемстваў, якія амаль усе на каленях (на пальцах можна пералічыць тыя, што працуюць з прыбыткам і рэнтабельна), гэта мне здаецца проста нерэальна».

Да таго ж дагэтуль афіцыйна не вядома, ці атрымала Аршаншчына дадатковыя грошы з дзяржбюджэту на свой пад’ём. А таму нават надзвычайнага рэжыму для рэгіёну, уведзенага Лукашэнкам, каб, цытата, «вылезці там з балота», відавочна, недастаткова.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»