У Воршы міліцыя брутальна затрымала пенсіянера, які няправільна перайшоў вуліцу


Тыя, хто павінны бараніць і лавіць злачынцаў, хапаюць за рукі і ногі, цягнуць, штурхаюць і пужаюць – пенсіянера. Малапрыемныя здымкі з Воршы трапілі ў сеціва ды незалежныя медыі. На іх бачна, як на сталага чалавека, які перайшоў вуліцу не па правілах, з’ехаліся ажно тры міліцэйскія аўты. А супрацоўнікі паказалі майстар-клас затрымання.

«- Яны не маюць права, ён нічога не зрабіў.

– Парушыў правілы дарожнага руху, але яны не маюць права яго так цягнуць.

– І вунь камандзір сядзіць у аўце».

Хто сядзіць, хто глядзіць, а хто здымае. Аршанскія міліцыянты ж цягнуць у аўта пенсіянера за пераход вуліцы ў неналежным месцы.

Пад гэтым аматарскім відэа на Youtube каментатары не хаваюць абурэння і не падбіраюць словаў. Вось некалькі з найбольш лагодных выказванняў.

Каментары пад відэа:

«Форму НКВД паапраналі, прайшлі пасвячэнне ў нелюдзі! Можна было абмежавацца заўвагай і пакінуць дзеда ў спакоі!»

(Александр Р)

«Мусарская дзяржава. Хутка лопне трыванне народу».

(sasha z)

«Падобныя да паліцаяў у 1942».

(Андрей Чалей)

Да міліцыі, якая жыве з падаткаў беларусаў і павінная ахоўваць права, пытанне: ці абарона азначае бязмежжа?

«Сутыкаўся, шчыра кажучы, кожны дзень. Але не буду пра гэта казаць».

«Калі што-небудзь здараецца, то мы каму тэлефануем? Міліцыі. Але лепш з імі не звязвацца».

«Лукашэнка вельмі сур’ёзна да гэтага ўсяго ставіцца. А інакш, каму верыць? Няма каму».

«Вы ведаеце, дрэнна яна працуе, хочацца, каб лепш, але…»

Праваабаронца Алег Волчак на сваім Фэйсбуку распавядае пра крык адчаю грамадзянаў, якія да яго пішуць:

«Супрацоўнікі міліцыі пачалі ладзіць засады на людзей, хто пераходзіць няправільна вуліцы, і штрафуюць. МУС, спыніце правакацыі! Людзі плоцяць падаткі, каб іх абаранялі, а не здзекаваліся».

Аднак такімі выпадкамі, знятымі на відэа, засыпаны інтэрнэт.

«- Сілу будзеце ўжываць?

– Ужыву, калі трэба!

– На якой падставе?

– За што?»

Гэта беспадстаўнае затрыманне ў Віцебску ў 2016-ым.

«- Дапамажыце, душаць, с…ка!

– Не душыце яго хаця б! Вас, б..дзь, чацвёра, вы што, не можаце аднаго трымаць?!»

Гэта ўжо Менск 2017-га.

А вось на гэтым відэа менчука Андрэя Гаўроша на парозе ўласнае кватэры ў навагоднюю ноч параніў міліцыянт. Вынік – 5 гадоў «хатняй хіміі» – для пацярпелага. І цяпер да псеўдаподзвігаў міліцыі дадаўся прыклад з Воршы.

«Утраіх затрымліваць сталага чалавека – маглі ж зламаць руку, маглі рабрыну зламаць ці, як было ў Берасці паўтара года таму, пенсіянера затрымлівалі, ён памёр, не даходзячы да РАУС. То бок гэта перавышэнне паўнамоцтваў. І гэтак па-свінску яго закінулі ў аўта, што ногі наверсе, галава там», – кажа Алег Волчак.

І калі раней незалежныя медыі гаварылі пераважна пра палітычны пераслед з боку міліцыі, то цяпер усё часцей нічога супольнага з палітыкаю няма.

Пры гэтым цікавае пытанне пра колькасць міліцыянтаў. МУС дакладных лічбаў не называе, прыкрываючыся таямніцаю. Але, паводле розных падлікаў, у нашай краіне можа быць нават больш за сто тысяч міліцыянтаў. У 2013-ым годзе ААН гаварыла пра 1442 работнікі на 100 тысячаў насельніцтва. Гэта была самая вялікая колькасць у Еўропе.

Афіцыйна міліцыя хваліцца высокім узроўнем даверу, які нібыта перавышае нават 60 адсоткаў. Але залежыць, як лічыць. Бо незалежныя даследаванні, якія зʼяўляліся некалькі гадоў таму, давалі толькі палову гэтае лічбы.

І нічога дзіўнага, калі бачыш такія кадры, як гэтыя з брутальным затрыманнем пенсіянера ў Воршы.

«Далі ўстаноўку, ужо ўсім вядомую: штрафаваць, штрафаваць. Чаму? Бо мясцовыя бюджэты папаўняюцца штрафамі. І з гэтых штрафаў плоціцца прэмія. Ніхто гэтай савецкай традыцыі не прыбраў», – адзначае Алег Волчак.

А вось міністр Ігар Шуневіч адказнасць за дыскрэдытацыю міліцыі ўскладае на незалежных журналістаў, якія нібыта ачарняюць дзеянні праваахоўнікаў.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»