У Воршы дамагліся ад уладаў увекавечыць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў


Тры гады таму Вадзім Філіповіч пачаў цікавіцца лёсам свайго расстралянага прадзеда з вёскі Плоскае Дзяржынскага раёну. У выніку даведаўся і аб прадзеду, і аб ягоным браце, і яшчэ аб 3 рэпрэсаваных з іхнай вёскі. Пошукі прывялі ў Воршу – больш як за 260 кіламетраў ад паселішча, дзе жылі сваякі.

«Паводле дакументаў, усе 5 чалавек, усе пайшлі па 68-ым артыкуле. Гэта шпіянаж. Усе былі абвінавачаныя ў тым, што яны шпіёнілі на карысць Польшчы, якая знаходзілася ў 5 кіламетраў ад таго населенага пункту, дзе яны жылі», – распавядае Вадзім Філіповіч, праўнук расстралянага.

Пік рэпрэсіяў у Беларусі прыпаў на 1937 год. Інфармацыя аб месцах рэпрэсіяў і рэпрэсаваных захоўваецца ў архівах КДБ і ФСБ ды ўсё яшчэ закрытая для даследнікаў. Але не сакрэт, што расстрэльвалі амаль ува ўсіх асноўных абласных цэнтрах усходняй Беларусі. Толькі ў Воршы былі забітыя больш за 1900 чалавек, а ва ўсёй Беларусі – не менш за 30 тысячаў. Тым ці іншым чынам рэпрэсіі закранулі прынамсі 600 тысяч жыхароў Беларусі.

«Кабыляцкая гара – увогуле вельмі цікавае месца, таму што там месца масавых расстрэлаў было выяўлена яшчэ ў Савецкім Саюзе, у 1982 годзе. Нашмат раней, чым гэта адбылося ў Курапатах. Тады была створаная камісія. І тады ўжо ўсталявалі, што гэта не ахвяры нямецкіх расстрэлаў, а менавіта ахвяры чэкістаў», – кажа гісторык і архівіст Зміцер Дрозд.

Ігар Станкевіч, каардынатар грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», кажа, што на пачатку 90-х улады Беларусі даволі актыўна ўдзельнічалі ў захаванні памяці аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў. Тады ж на Кабыляцкай гары ўсталявалі памятны знак, некалькі табліцаў і нават замацавалі за мясцовай школай апеку над гэтым месцам. Але ў 1994-м усе змянілася…

«Улады там не з’яўляліся амаль да верасня мінулага года. Вось, з нашай ініцыятывы яны аднавілі там шыльду, пра якую я казаў. Дарэчы, тэксты яны таксама змянілі, не тое, што мы прасілі. Але гэта ўжо шыльда, якую ўсталяваў выканкамам», – тлумачыць Ігар Станкевіч, каардынатар ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы».

Сваякі ахвяраў прасілі ў чыноўнікаў зрабіць на табліцы надпіс на чатырох мовах: расейскай, беларускай, ідыш і польскай. Нягледзячы на тое, што каля траціны расстраляных былі палякамі, мясцовыя ўлады пастанавілі замяніць польскую на англійскую. Нашчадкі ж рэпрэсаваных удзячныя і за гэта.

«Дзякуй усё ж райвыканкаму аршанскаму, што яны не адправілі нас. Да нашых просьбаў прыслухаліся», – кажа Дзіна Кацар, унучка расстралянага.

Сваякі ахвяраў лічаць, што поспехаў іхная кампанія дасягнула не толькі дзякуючы неабыякавым чыноўнікам у райвыканкаме, але і дзякуючы Хельсінкскаму камітэту. Гэтае грамадскае аб’яднанне распрацавала памятку, як дасылаць запыты ў КДБ аб рэпрэсаваных сваяках:

«Ёсць канкрэтныя формы зваротаў, і мы ўжо пачалі выкарыстоўваць гэтыя формы зваротаў, пачалі пісаць у архівы КДБ, і высветлілася, што гэтыя формы працуюць», – тлумачыць Ігар Станкевіч.

Сярод дакументаў, што можна атрымаць па такім запыце, – копіі пастановы пра арышт, анкеты арыштаваных, пратаколы допытаў, выпіскі з актаў аб расстрэлах, даведкі аб рэабілітацыі ды іншае.

Актывісты ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» кажуць, што гэтыя звесткі каштоўныя не толькі для сваякоў ахвяраў. Архівы закрытыя для даследнікаў, таму асабістыя запыты ў КДБ – цяпер адзіная магчымасць даведацца пра сапраўдны размах сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu