У Віцебску зʼявіўся «Князь Вітаўт»

У Віцебску зʼявілася крама рэчаў і сувеніраў у нацыянальным стылі – «Князь Вітаўт».

«Зараз пайшла такая тэндэнцыя, што людзям гэта падабаецца, яны гэтым цікавяцца. Мабыць, гэтая хваля падхапіла і нас. Гэта нам падабаецца, нам самім падабаецца ўсё беларускае», – распавядае гаспадар крамы Алег Чапараў.

Наведнікаў тут шмат не толькі таму, што гэта дзень адкрыцця, а сама крама – амаль у цэнтры гораду. Пакупнікам падабаецца асартымент, які прадстаўлены тут, – акцэнт на ўсё беларускае.

«Чаму так? Бо нам хацелася б, каб больш нашых людзей падтрымлівалі сваю краіну і ведалі яе гісторыю. Кожны сімвал штосьці азначае», – кажа Чапараў.

Разабрацца, што азначае той ці іншы сімвал, наведнікам дапамагаюць працаўнікі крамы.

«Гэта цікава, цікава жыхарам нашага Віцебску. Шмат хто прыходзіў, казалі, што гэта менавіта тое, чаго не хапала ў горадзе, абяцалі вярнуцца», – адзначае прадавачка Віка Гром.

А ў дзень адкрыцця кампанія «Будзьма беларусамі» арганізавала для наведнікаў крамы віктарыну па гісторыі Беларусі. Вядома, не без прызоў.

Адныя атрымалі сувеніры і значкі, іншыя – вялікае жаданне ўдасканаліць веданне гісторыі сваёй краіны.

«Хацелася б, каб моладзь больш ведала пра сваю краіну, пра сваіх мастакоў, вытворцаў», – кажа Алег Чапараў.

Адзенне ад розных брэндаў, у тым ліку ад вядомых LSTR і Symbal.BY якраз і вабіць моладзь.

«Зайшла выпадкова, усё здорава. Вельмі шмат прыгожай вопраткі, вельмі моднай, з беларускай сімволікай. Усё падабаецца, усё на беларускай мове і персанал вельмі ветлівы», – распавядае наведніца крамы Крысціна.

Гаспадары крамы заўжды адкрытыя прапановам мясцовых майстроў і рамеснікаў. Кожны з іх мае ўласнае мастацкае гледзішча – тым і цікавы, але супадаюць усе ў адным – думцы пра Беларусь. А пакуль жыве думка пра Беларусь, то і Беларусь будзе жыць.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Глядзі таксама