У Віцебску з’явіцца небяспечны смеццесартавальны завод


Віцебскія ўлады запланавалі пабудаваць завод па сартаванні смецця. Справа добрая і карысная, але… На жаль, без «але» і тут не абышлося. Прадпрыемства мае паўстаць літаральна пад плотам прыватных падворкаў.

800 метраў будзе аддзяляць завод ад жылых дамоў

Пасёлкі Білева і Тулава абралі не выпадкова – побач стаіць палігон цвёрдых бытавых адкідаў, які эксплуатуецца ўжо 45 гадоў.

«Гэтыя палігоны, якія ўжо даўно эксплуатуюцца, ужо перавысілі свой тэрмін эксплуатацыі. У сувязі з гэтым гэта насамрэч пагроза для падземных вод, для паветра, бо выдзяляецца вялікая колькасць парніковых газаў», – б’е ў званы Наталля Блышчык з Цэнтру экалагічных рашэнняў.

Тры гады таму палігон ля Віцебску збіраліся закансерваваць

Смеццеапрацоўчага камбінату было абранае зусім іншае месца, за 30 км ад гораду ля вёскі Копці. Там нават падрыхтавалі пляцоўку і заасфальтавалі дарогу. Але на гэтыя планы не знайшлі інвестара, і тады горад вынайшаў больш таннае рашэнне – пабудаваць смеццесартавальны завод ля старога сметніку амаль у межах гораду.

Будоўлю новага заводу маюць распачаць налета

Меркаваная прадукцыйнасць – 100 тысяч тонаў смецця за год. Плануюць наладзіць перапрацоўванне пластыкавых бутэлек і пластмасы, а таксама вытворчасць альтэрнатыўнага паліва. Завод плануюць узвесці за 25 месяцаў. Згодна са справаздачаю пра ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, зона ўздзеяння заводу складае больш за 1200 метраў. А да найбліжэйшага паселішча Агароднікі і жылой забудовы Віцебску – усяго 800 метраў.

Жыхары Білева і Тулава напісалі калектыўны зварот уладам

Галоўны аргумент: смеццесартавальны завод на тэрыторыі палігону ў Агародніках будзе шкодзіць здароўю людзей. На сёння Беларусь перапрацоўвае 16 % смецця. У планах ураду – павялічыць гэтую лічбу да 25 % за бліжэйшыя тры гады. Будаўніцтва новага смеццеперапрацоўчага заводу ля Віцебску, безумоўна, паспрыяе гэтым планаў. Але, на думку жыхароў Білева, Тулава і Агароднікаў, ажыццяўленне праграмы ў перапрацоўцы смецця не павінна адбывацца за кошт іхнага здароўя.

Таццяна Белашова, «Белсат», фота: Chen Leopold / FLASH90 / Forum