У Віцебску ўжо сфармавалі камісіі па «дармаедах»


Супрацоўнікі і кіраўнікі розных аддзелаў райвыканкамаў, падатковых інспекцыяў, ЗАГСаў, аддзелаў ЖКГ, устаноў аховы здароўя і РАУСаў, ды нават першыя сакратары камітэтаў БРСМ.

Менавіта гэтыя людзі ўвойдуць у камісіі Віцебску па спрыянні занятасці насельніцтва.

Ці кажучы прасцей: будуць лавіць дармаедаў і вырашаць іхны лёс. З падрабязнасцямі – Міхась Ільін.

«К сентябрю на Витебщине сформируют базу данных тунеядцев» – артыкул з такой назваю выйшаў у газеце «Витебские вести». Дзяржаўнае выданне больш не хаваецца за прыгожымі словамі, як гэта раней рабілі чыноўнікі: «асобаў, не занятых у эканоміцы» цяпер наўпрост называюць «дармаедамі».

А спіс тых, хто будзе фармаваць базу «дармаедаў», ужо зацверджаны. Спрэс – «слугі народу».

«Улады могуць фармаваць любыя камісіі, аднак праца гэтых камісіяў мусіць быць празрыстая для грамадзянскай супольнасці. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці таксама маюць права ўваходзіць у гэтыя камісіі. Я быў накіраваны ў гэтую камісію рэспубліканскім праваабарончым грамадскім аб’яднаннем «Беларускі Хельсінкскі камітэт». У камісію мяне не ўключылі нібыта з-за таго, што на момант звароту камісія была сфармаваная», – кажа праваабаронца Павел Левінаў.

Усяго па горадзе будзе тры камісіі – па адной на раён: Паршамайская, Чыгуначная і Кастрычніцкая. Па словах праваабаронцы, сябры камісіяў будуць мець досыць шырокія паўнамоцтвы.

«Гэтыя паўнамоцтвы, калі будуць рэалізаваныя, могуць наўпрост парушаць правы грамадзянаў: умяшанне ў асабістае жыццё, прымус да працы і нават права на свабоду, бо могуць накіроўваць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі», – працягвае Павел Левінаў.

Беспрацоўных у Віцебску стане яшчэ больш, таму ўлады загадзя рыхтуюцца і фармуюць спісы патэнцыйных «дармаедаў», кажуць эксперты.

«У хуткім часе прадпрымальнікі папоўняць рады беспрацоўных, бо заканадаўства складаецца так, што працаваць ім у гэтай сітуацыі будзе немагчыма. Таму ўлады зрабілі крок наперад», – адзначае Ірына Яскевіч, прадстаўніца аргкамітэту беларускага прафсаюзу «Вместе».

У мінулым годзе сумнавядомы Дэкрэт №3 прывёў да пратэстаў па ўсёй краіне. Віцебск адзначыўся самымі масавымі акцыямі ў сваёй гісторыі.

Цяпер, калі пратэставы настрой улады збілі ў тым ліку хваляй рэпрэсіяў, чыноўнікі бяруцца зноў за тых, хто і так апынуўся ў цяжкім жыццёвым становішчы.

Міхась Ільін, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Дзяніс Дзюба