У Віцебску стыхійна распаўсюджваюцца графіці з рэкламаю сайтаў, праз якія ідзе гандаль наркотыкамі


Сённяшнюю раніцу віцебскія камунальнікі правялі з пэндзлямі і фарбай. Замазваць давялося дзясяткі стыхійных графіці з рэкламаю сайтаў, праз якія ідзе гандаль наркотыкамі. Праваахоўныя органы ўжо доўгі час не могуць знайсці распаўсюднікаў.

Узімку для дзяцей паўсюль забава. Абы хутчэй трапіць на вуліцу. А там, якою сцежкаю ня кроч – натрапіш на таямнічыя надпісы.

«Паміж сябрамі-калегамі перапісваемся, высвятляецца што ў іх на раёне таксама з’яўляюцца надпісы. Яны іх бачаць, але не разумеюць, што надпісы азначаюць», – гаворыць жыхар Віцебску Яўген Крыскевіч.

Дзеці цяпер лепш чымся бацькі арыентуюцца ў мове інтэрнэту… І ведаюць, што за значком «малпа» у гэтых графіці дапісаныя распазнавальныя для мэсэнджару «Тэлеграм» адрасы. З тым жа, што напісанае пад імі – лепш не знаёміцца! Гэта «хуткасць», «спайсы», «крышталы» і «мефедрон» – сінтэтычныя наркотыкі амфетамінавай групы. Прадаўцы прывабліваюць менавіта моладзь, якой уласціва даследаваць усё новае і рызыкаваць. У абарону падлеткаў, аб’яднаныя супраць графіцёраў жыхары тыдзень таму пачалі…

«Пісаць заяўкі ў ЖЭУ, каб замалёўвалі на дамах. Паведамілі ў «Гордормост» пра выпадкі з надпісамі на дарогах, прыпынках і самім грамадскім транспарце. Гэта іхная адказнасць. А таксама трансфарматарныя будкі – абʼекты нежылога фонду», – кажа Яўген Крыскевіч.

Напісаць давялося і на партал «Мой Горад» – 115.бел, дзе скаргу прынялі да выканання. Часткова ўчора, і таксама – гэтага дня – шкадлівыя графіці замалёўвалі працаўнікі камунальных служба. Аляксандр Лысенка, начальнік ЖЭУ № 8:

«Усе якія ведаем участкі – то ўсе замазваем.Нейкі па горадзе ходзіць чалавек, які наносіць урон сваймі дзеяннямі. За апошнія прыкладна 2 месяцы парадку 30 надпісаў зʼявілася».

Гэтыя лічбы датычаць толькі аднаго ўчастку ў мікрараёне Медцэнтр. Агулам жа – на прыпынках, сценах крамаў і школ, лазні ды цырульні…у горадзе некалькі соцень графіці, якія ўжо больш чымся паў гады рэкламуюць адну і тую наркакраму.

Віцяблянка Наталля Шарыпа афіцыйна звярталася ў міліцыю, каб знайшлі віцебскіх графіцёраў. Атрымала адказ: «У дзеяннях асобы, якая размясціла надпісы паблізу рэстарацыі «Зелена гура», угледзеныя прызнакі адміністратыўнага правапарушэння. У выпадку ўстанаўлення асобы, яе прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці».

Ня могуць знайсці «мастака», які шматразова распісаў горад, але аператыўна знаходзяць юнакоў, якія выцягваюць забароненыя рэчывы з закладак. Наталля Шарыпа, рух «Маці-328»:

«Можа яны такімі зрабіліся прафесіяналамі, але мне ў гэта ня верыцца. У мяне такое ўражанне, што яны ў змове са злачынцамі. Ці яны самі кантралююць гэтыя сайты».

Дылераў ды наркабаронаў няшмат сярод сямнаццаці тысячаў зняволеных паводле арт. 328 Крымінальнага Кодэксу. Гэтак і 22-гадовы сын Наталлі Шарыпа – атрымаў 14 гадоў зняволення. Апроч адказнасці за набыццё і захоўванне наркотыкаў, яму інкрымінавалі дзеянні ў складзе арганізаванай групы. Групу – збіраюць уласна праз такія інтэрнэт-крамы…

«Гэта можа закрануць любога, бо рэальна, калі ты ўжываеш, ці зайшоў на старонку ТОЛЬКІ з цікаўнасці, твой IP-адраc ужо абавязкова адсочаць, і ты ўжо стабільна на кручку», – кажа Наталля Шарыпа.

Пра тое, як на крук трапляюць выпадковыя людзі, кажуць справы шэрагу дзяцей жанчынаў, якія абʼядналіся ў «МАТЧЫН РУХ 328». Ня першы год яны дамагаюцца больш уважлівага судзейства ў наркатычных справах, а таксама залагоджвання самога артыкулу, які цяпер прадугледжвае зняволенне ажно да 25-гадоў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu