У Віцебску палююць на нацыянальную сімволіку


Барыса Хамайду лічаць чалавекам-сімвалам Віцебску. Мясцовыя жыхары ведаюць яго як распаўсюдніка гістарычнае літаратуры і незалежнае прэсы. 24 гады са сваіх амаль сямідзесяці трох ён гандлюе ля так званага сіняга дому. Сёння за гэта спадару Барысу прысудзілі штраф тысячу трыста пяцьдзясят рублёў.

«Яны ўжо адчуваюць, што хутка змены будуць, і таму вось такое адбываецца. Ну, судзяць жа не толькі мяне, а шмат народу з вясны да восені пацярпела», – кажа грамадскі актывіст Барыс Хамайда.

Барыса Хамайду прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. У пастарунку Чыгуначнага раёну Віцебску працаўнікі міліцыі агледзелі ягоныя рэчы ды сканфіскавалі бел-чырвона-белы сцяжок, стужку і вышытую чырвонымі ніткамі на белай тканіне малітву «Ойча наш». Гэтыя прадметы і сталіся падставаю для складвання пратаколу.

«Я гуляю па горадзе і малюся. Малюся за Беларусь, за наш народ. І, канечне, сам гэтага не перастану рабіць», – кажа святар рыма-каталіцкага касцёлу Віктар Жук.

Бел-чырвона-белы сцяг стаўся прычынаю затрымаць нават святароў. У цэнтры Віцебску яны памаліліся за збаўленне Беларусі ад ґвалту сілавікоў. Суд Першамайскага раёну вынес папярэджанне.

«Я ўсё ж задаволены, што гэта не больш сур‘ёзнае пакаранне. Але суддзя вырашыў так, што быў склад злачынства», – распавядае святар рыма-каталіцкага касцёлу Віктар Жук.

Трое содняў да суда святары Віктар Жук, Аляксей Варанкоў ды вернік Аляксей Каракоў заставаліся ў СІЗА. Справу кожнага адпраўлялі на дапрацоўванне, пасля чаго аб’ядналі ў адну. Звесткі ў пратаколе адрозніваліся ад бачання падзеяў самымі фігурантамі. Ужо адзін толькі факт складання пратаколу і суда абурыў праваабаронцу, якая назірала за працэсам.

«Гэта была спантанная малітва, гэта акт малітоўны, які быў паводле клічу душы і сэрца, а не запланаваная нейкая акцыя, якая не была санкцыянаваная з адміністрацыяй раёну, і я лічу, што асуджаць – гэта не тое, што паводле чалавечых прынцыпаў нельга, а тым больш – у межах судовага паседжання», – мяркуе праваабаронца Ірына Траццякова.

Адміністратыўныя і нават крымінальныя справы адносна беларусаў, якія публічна выказваюць грамадзянскую пазіцыю супраць рэжыму Лукашэнкі, працягваюць распачынаць штодня. Сёння праз «арганізацыю і правядзенне масавых акцыяў» у Беларусі адбылося каля 20-ці паседжанняў.

Юлія Лабанава, belsat.eu