У Віцебску да прыезду Лукашэнкі фарбуюць труп фабрыкі «КІМ»


Віцебск перажывае аўральны рамонт. Ударнымі тэмпамі горад рыхтуюць да прыезду Лукашэнкі. Як і ў іншых гарадах, дзе нядаўна ступала нага кіраўніка краіны, зачышчаюць жывёлу і фарбуюць усё, што можна і што не варта, але ў Віцебску яшчэ тынкуюць фабрыку, якая даўно не працуе. Няўжо яна адчыніцца да візіту Лукашэнкі?

Махнула Васіліса леваю рукою – зрабілася возера, махнула праваю – і паплылі па вадзе белыя лебедзі. Гэтак і Лукашэнка: куды ні паедзе – там асфальт пасцелюць, платы паставяць і нават лужыны высушаць.

Сёння цудадзейнае абнаўленне перажывае Віцебск. Камунальнікі косяць пажоўклую траву на пустках каля футравага камбінату. Прыбіраюць, тынкуюць ды фарбуюць труп фабрыкі «КІМ». Тэкстыльны гігант збанкрутаваў тры гады таму. На бясплатную працу традыцыйна мабілізавалі настаўнікаў.

«Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – ён сядзіць на целе грамадства абсалютна пачварна! Сядзіць, як паразіт, як той гліст прысмактаўся! Яны ж атрымліваюць грошы падаткаплацельшчыкаў! Чаму б іх не выгнаць на тыя прыборкі – на «КІМ» ці вуліцы месці?» – абураецца настаўніца Ганна Севярынец.

Што начальству добра, то братам нашым меншым – смерць! Каб нішто не раздражняла вока кіраўніка Беларусі, служба адлову бяздомных жывёлінаў правядзе ў Віцебску татальную зачыстку. Каментар прытулку для бяздомных жывёлаў:

«Службе адлову далі ўказанне ачысціць пэўныя раёны ад усіх жывёлінаў: сабак і катоў, у нашыйніках і без. […] На тры дні: 1, 2, 3 лістапада прыбярыце з вуліцы жывёлінаў! Не пускайце хатніх сабак прагульвацца адных, закрывайце катоў, пасадзіце на ланцуг вашых любімых дваровых сабак. Зберажыце сваіх сяброў!»

Віцебск – гэта ўжо чацвёрты горад, які за гэтую восень аўральна адрадзіўся да прыезду высокага начальства. У Магілёве перад візітам Лукашэнкі і Пуціна паставілі трыумфальную арку, а на тое, каб паставіць гаўбцы ў некаторых дамах, грошай ужо не хапіла.

У Гомлі да прыезду Лукашэнкі двойчы за тыдзень памянялі плітку ў цэнтры гораду. Але лідарства ў чэмпіянаце паказухі ўзяла Горадня. Там да прыезду кіраўніка Беларусі павесілі фіранкі ў аварыйных нежылых дамах! Пра стаўленне да такога рамонту мы запыталіся жыхароў Магілёва:

«Перад прыездам гэта, вядома, паказуха. Але нават такая паказуха плюс свой дае».

«Было б лепш, калі б яны проста зрабілі гэты рамонт, а не тады, калі нехта прыязджае».

«У цэнтры ўсё зроблена, добраўпарадкавана. А дзе-небудзь на ўскрайку зусім іншая сітуацыя».

«Хочацца, каб рамонт быў тады, калі патрэбна».

«Зноў «Белсат»? У вас увесь час правакацыйныя пытанні».

Пакуль Віцебск не шкадуючы сілаў прыбіраюць мясцовыя камунальнікі і «прыгонныя» бюджэтнікі, у пасёлку Балбасава пад Воршаю шчыруюць будаўнікі з усёй вобласці. Сёння на вуліцах мястэчка з’явіліся сапёры – сюды таксама неўзабаве завітае Лукашэнка.

«Сёння ў нас у апламбавалі пажарныя выхады, дахі, папрасілі нас зняць з вокнаў краты, на якіх мы сушым бялізну – каб ніводных гэтых кратаў не было», – распавядае Ганна Свішчова, грамадская актывістка, Ворша.

Балбасава разам з Езярышчам на Гарадоччыне ўключылі ў адмысловую праграму адраджэння мястэчак. Калі працы ў першым ідуць поўнаю хадой, то другое ўсё яшчэ чакае на «жыватворны» візіт Лукашэнкі.

Аляксандр Папко, belsat.eu