У віцебскім доме з пашкоджанай праводкай цячэ дах. Чаму ЖЭУ не спяшаецца дапамагчы?


Чаго дакладна не чакаюць у гэтыя даволі спякотныя дні некаторыя віцебчукі – гэта дажджу. Дах цячэ, электрапрылады псуюцца, а вінаватых няма. Чаму?

Дах нібыта ёсць, але ад дажджу не ратуе. Вось ужо месяц жыхароў дому 47А, што на праспекце Фрунзэ ў Віцебску, залівае вадой.

«Кідалі ўсё: і прасціны, і падкоўдранікі, і ручнікі. Усё-ўсё-ўсё мы кідалі, каб проста ўратаваць мэблю», – абураецца жыхарка кватэры № 99 Таццяна Мамонава.

Імаверная прычына падтапленняў – тое, што акурат у часе рамонту даха раптоўна палілі дажджы.

«Па сценах цякло, і тут, і тут, паўсюль», – кажа пенсіянерка.

Шмат пенсіянераў, якія жывуць у гэтай старой хрушчоўцы, нават не ведаюць, да каго звяртацца па дапамогу. Жыхар кватэры №15 Максім Ключнікаў вырашыў узяць справу ў свае рукі – пачаў пісаць звароты ў мясцовае ЖЭУ. Тым больш, што праблема закранула і яго:

«Я звярнуўся першы раз да прадстаўніка ЖЭУ, ён не адрэкамендаваўся. Як мне растлумачылі, гэта быў галоўны інжынер. Я папрасіў зайсці да мяне, скласці акт заліцця, ён сказаў, што акту заліцця яны не складаюць, яны складаюць дэфектны акт».

Мы папрасілі аддзел ЖЭУ, што адказвае за дом, пракаментаваць сітуацыю. Высветлілася, што праблема датычыць далёка не аднаго дому.

«У 47-м не ўва ўсім доме можа цячы дах. 63-ці – падраднікі працуюць. 47А – гэта зусім іншы дом».

Праблему ведаюць. Але вінаватымі ў сітуацыі, паводле Максіма, робяць генпадрадніка – прыватную фірму ТАА «Трыніціпраект», якая і робіць рамонт. Тыя пацвярджаюць: ЖЭУ ні пры чым, а дах ужо і не цячэ!

«Усё правільна, яны ні пры чым. І нічога ўжо не цячэ, таму што дах заклеілі. Дах перастаў цячы, апошні зацёк – у пазамінулую суботу быў. Ужо два пласты там, нічога нідзе не працякае».

Абяцае прыватны падраднік і выплаціць кампенсацыю, што дзіўна. Бо ўсе выдаткі мае несці не ён, а домаўпраўленне, сцвярджае актывістка грамадскай кампаніі «Віцебск – горад наш!» Ірына Захарава:

«Бо ўсе гэтыя дамы ў іх гаспадаранні. І, раз такое адбываецца, ЖЭУ аднекваецца ад гэтай праблемы, трэба жыхарам дому абавязкова звяртацца ў Кастрычніцкі ЖРЭТ».

Хто менавіта будзе плаціць і адказваць – не столькі і важна жыхарам затопленых кватэраў. Галоўнае – каб сума выплатаў магла пакрыць непазбежны рамонт.

«Я лічу, што тут галоўная небяспека – праводка. Бо гэта электрычнасць. А калі ёсць скачкі напружання, значыць, праводка пашкоджаная. І мяняць яе трэба ўва ўсім доме», – каментуе Максім Ключнікаў, жыхар кватэры № 15.

«Выплачана сума толькі на будматэрыялы, і тое ўпрытык. Не ведаю, паводле якіх расцэнак гэта лічылі. Ну, беларуская дзяржаўная страхавая кампанія, мы ж страхавалі кватэру, у іх свае расцэнкі ёсць. Але за працу тут нічога абсалютна не далічана», – дадае Таццяна Мамонава, жыхарка кватэры № 99.

А таму не выключана, што справа можа дайсці і да суда. Але найперш бы з дахам разабрацца. Паводле Максіма, апошні раз у кватэры цякло ўчора.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu