У Вільні, Санкт-Пецярбурзе і Нью-Ёрку пратэставалі супраць вайны ва Украіне і Сірыі


Жыццё чалавека як найвялікшая каштоўнасць. Адразу ў трох гарадах – Вільні, Санкт-Пецярбурзе і Нью-Ёрку – адбыліся Маршы міру. Маніфестанты пратэставалі супраць вайны ва Украіне ды Сірыі, імперскай захопніцкай палітыкі і выпрабоўвання ядравае зброі. Шэсці былі прымеркаваныя да сусветнага Дня міру, які адзначалі на мінулым тыдні.

Некалькі дзясяткаў чалавек на падтрыманне міру ўва ўсім свеце рушылі праспектам Гедыміна ў Вільні. У акцыі, зарганізаванай Расейскім еўрапейскім рухам, прынялі ўдзел расейскія грамадскія актывісты, а таксама грамадзяне Літвы ды Украіны.

Удзельнікі шэсця ў Вільні кажуць:

«Вайна – гэта не спосаб жыць. Расейская агрэсія – гэта тое, з чым трэба змагацца. Калі я магу паказаць, што я супраць гэтага, то я паказваю».

«Імперыялістычная палітыка Расеі, якая трывае ўжо 600 гадоў, пачынаючы з Івана Каліты, ці Івана Трэцяга – яна злачынная ў дачыненні заваяваных народаў. Колькі народаў ужо праглынута, знікла».

«Свет («мір» – рус.) не трэба заваёўваць – у міры трэба жыць. Гэта наш лозунг»

«На што Вам тэрыторыя? Вы што яе есці будзеце? Людзям няма чаго есці, а мы трацім грошы на ўзбраеннне».

Тым не менш знайшліся тыя, каму мірныя лозунгі былІ недаспадобы. У Вільні асаблівым хамствам адзначыліся расейскія журналісты, якія здымалі шэсце і намагаліся абразіць людзей. «Нават у нядзелю людзям нармальным адпачыць не даюць, псуюць настрой», – кажа журналіст «Россия-1» Аляксандр Бузаладзэ.

– А чаму псуюць настрой?

– Ну а каму ахвота глядзець на інвалідаў, што ідуць па цэнтры Вільні.

– А Вы лічыце грамадзянаў Літвы інвалідамі?

– Не, ну я гляджу, людзі хворыя, кульгавыя ідуць, але мэтаў ніякіх няма. Дагэтуль не магу зразумець, за што яны змагаюцца.

У расейскім Пецярбурзе ўдзел у шэсці за мір узялі прыблізна дзвесце чалавек. Акцыя не былА дазволеная ўладамі, але паліцыя не ўмешвалася ў яе хаду.