У Вільні адбываецца «Комік-кон» - найбуйнейшая поп-культурніцкая падзея краінаў Балтыі


У Вільні пагрузіцца ў свет кіно можна літаральна – убраўшыся ў строі любімых герояў. Магія кіно, якая становіцца рэчаіснасцю на «Комік-кон», прыцягнула шмат наведнікаў. А акторы кажуць «Белсату», што гатовыя даехаць і да Беларусі – толькі запрасіце.

«Я вельмі хацеў бы наведаць і Беларусь. Я люблю жывыя шоу. Год таму такое ўжо было ў Эстоніі, Латвіі і Фінляндыі. Можа, я змагу прыехаць і да вас? Залежыць ад арганізатараў… Я зраблю такое шоу, якое кожны зразумее», – кажа актор Майкл Уінслаў.

Сапраўды, можа, і ў Беларусь калісьці завітаюць зоркі сусветнага ўзроўню, а нашыя суайчыннікі жыўцом пабачаць тых самых аўтаробатаў і бэтмабіль?

У выходныя гэта можна зрабіць толькі ў вялізным віленскім ЛІТЭКСПО́. Тут адбываецца «Комік Кос Болтыкс» – найбуйнейшая поп-культурніцкая падзея краінаў Балтыі. Праз гісторыю коміксаў да фільмаў і шоу – прычым усё гэта наведнікі атрымліваюць наўпрост ад вядомых артыстаў!

«Поп-культура ўключае ў сябе ўсё: ад коміксаў – да фільмаў і ТВ-шоу. Трансформеры – найлепшы прыклад таго, як пэўная ідэя вырасла з коміксаў – у анімацыю і вялізнае кіно на мільярды долараў. Я думаю, што «Комік кон» цікавы найперш людзям, якія хочуць лепш спазнаць кінаіндустрыю, дакрануцца да робатаў ці пасядзець у аўтамабілях з любімых фільмаў», – распавядае суарганізатар імпрэзы Вайнюс Эйва.

Конкурсы, прэм’еры і анонсы фільмаў, адукацыйныя ўоркшопы, зоны старых і новых, настольных і кампʼютарных гульняў… І нават інтэрактыўныя зоны новых тэхналогіяў. Кожны мог знайсці штосьці для сябе.

Сама ж імпрэза была настолькі вялікая, што ў яе межах адбыўся і чэмпіянат косплэю – то бок спаборніцтвы строяў любімых персанажаў. Удзельнічалі і беларусы.

«Наведванне новых месцаў стымулюе расці як у касплэйным узроўні (ты бачыш, што робяць нейкія людзі з іншых краін), ёсць магчымасць абмяняцца вопытам», – кажа Мікалай Рыбачонак.

«У Менску няма такога вялікага месца для арганізацыі падобнага фестывалю», – адзначае Алена Смоліч.

«Тут узровень арганізацыі значна вышэйшы, усё нашмат больш friendly», – мяркуе Яўген Мачыхін.

Пагрузіцца ў атмасферу кіно дапамагаюць акторы «Гульні тронаў», «Зоркавых войнаў» ці «Паліцэйскай акадэміі». Зоркі не толькі выступалі на сцэне, але і былі вельмі адкрытыя ў дачыненнях з удзельнікамі імпрэзы і журналістамі. А ў інтэрвʼю нашаму тэлеканалу некаторыя нават захоплівалі ініцыятыву.

«Я хачу прыехаць да вас, каб пабачыць шмат чаго новага. Хоць у гэтым рэгіёне я ўпершыню, спадзяюся, што знайду магчымасць сюды вярнуцца і зрабіць нейкае жывое шоу. А калі вы робіце нейкі фільм, проста патэлефануйце мне», – кажа Майкл Уінслаў.

Сцяпан Святлоў, Ганна Русінава, «Белсат»