У Верхнядзвінску – самы страшны дом Беларусі?


Пяціпавярховік на вуліцы Першамайскай № 72 у Верхнядзвінску праваліўся ў сацыяльнае дно, а разам з домам – і ўсе ягоныя жыхары. У кватэры вада трапляе літаральна з усіх шчылінаў. Як вынік – цвіль і холад.

На пачатку 90-ых гэты дом пабудавалі ўсяго за тры месяцы. Тады ніхто не зважаў на недаробкі, усе хацелі як найхутчэй засяліцца. Апроч жыхароў Верхнядзвінску, кватэры тут былі атрыманыя перасяленцамі з чарнобыльскіх раёнаў. Рамантавалі і, як кажуць, даводзілі да ладу ўсё за ўласныя сродкі.

«Я яшчэ не паспеў выплаціць крэдыт, які браў на рамонт на 10 гадоў і бачыце што атрымалася. Шок», – кажа жыхар дому Аляксей Ломач.

Праблемы тут былі ўвесь час

Аднойчы жыхары дому Новы год сустракалі без святла, газу і цяпла. Зрэшты, цяпер сітуацыя не нашмат лепей. Больш за тое, улады перакладаюць адказнасць на самых жыхароў.

«Адгаворкі такія, што вінаватыя ў тым, што не пагадзіліся на адсяленне, тады гэтых бы праблемаў не было. Хаця я вам ужо казаў, тут палка ў двух канцах, былі б мы тут ці не – усё было б тое самае», – даводзіць спадар Ломач.

Спаць даводзіцца пад плёнкаю

«Цячэ наўпрост па жырандолі, самае асноўнае трапляе ў бочку, рэшта ў міскі. З жонкаю за ноч 6-7 бочак выліваем, за ноч. Як на працу сыходзім, суседка дапамагае, а што зробіш?», – дзеліцца сусед Аляксея Ломача.

У аплаце камунальных паслугаў зніжак тут ніякіх няма, і гэта не зважаючы на тое, што цяпер тэмпература ў кватэрах не падымаецца вышэй за 11 градусаў. Спаць даводзіцца не толькі пад коўдрамі, але і пад плёнкаю.

Будаўнікі абяцаюць, што скончаць рамантаваць дом да 21-га снежня. Пра кампенсацыю стратаў гаворкі не ідзе.

Чыноўнікі ігнаруюць, на людзей пачалі ціснуць

Жыхары аварыйнага дому далікатна зазначаюць, што ніхто ў мясцовым выканкаме з імі не сябруе. Некаторым наўпрост гавораць: вас ніхто не прымушае тут жыць.

«Людзі забіраюць лісты, пачаліся звальненні. Цягам 10 гадоў мы пішам – дах цячэ – нам адказ – рамонт будзе зроблены», – кажа яшчэ адная небарака Марына Каляда.

Увагу на праблемы нешчаслівага пяціпавярховіка звярнулі толькі пасля таго, як у жніўні перад домам даслоўна правалілася зямля. Здымкі трапілі ў інтэрнэт, і толькі тады жыхарам паабяцалі распачаць рамонт. Але актыўную яго фазу пачалі толькі ўвосень.

Абсурднасці сітуацыі дадае той факт, што менавіта ў гэтым жа доме жыве намесніца старшыні Верхнядзвінскага райвыканкаму ў сацыяльных пытаннях. Толькі пасля ўвагі да дому з боку медыяў яна паведаміла жыхарам, што іхнае пытанне – на кантролі ў райвыканкаме.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»