У Венесуэле забаранілі палітычную нянавісць


Ура, таварышы! Нацыянальная ўстаноўчая асамблея Венесуэлы аднагалосна прыняла «Закон супраць нянавісці, за мірнае суіснаванне і талерантнасць». Цяпер у Венесуэле нельга распаўсюджваць матэрыялы, якія ўтрымліваюць фашысцкія ідэі, а таксама розныя тыпы нянавісці – ад нацыянальнай да палітычнай. У тым ліку нянавісць да кіроўнай сацыялістычнай партыі Нікаляса Мадуры.

«Гэта зварот да ўсёй Венесуэлы, да сацыяльных сетак, дзе існуюць адмысловыя правілы: прапаганда нянавісці забароненая. Мусяць быць выдаленыя ўсе паведамленні, якія прапагандуюць нянавісць, або вайну, або неталерантнасць. Медыі і сацсеткі мусяць іх выдаляць за шэсць гадзінаў, іначай яны стануць суб’ектам санкцыяў і крымінальнага пераследу«, – заявіў Дэльсі Радрыгес, старшыня Ўстаноўчае асамблеі Венесуэлы.

За барацьбу з уладамі – 20 гадоў турмы

За заклікі да барацьбы з уладамі, за абвінавачанне палітычных партыяў у злачынствах і карупцыі, ці то ў медыях, ці то ў сябе ў сацыяльных сетках, кожны венесуэлец можа сесці ў турму – ад 10-ці да 20-ці гадоў. А ў палітычнай партыі могуць адклікаць рэгістрацыю.

Таксама ўлады могуць загадаць радыё і тэлебачанню раз на тыдзень трансляваць паўгадзінныя праграмы, прысвечаныя міру і спакою. І легальна з гэтым нічога не зрабіць – у жніўні Нацыянальная ўстаноўчая асамблея распусціла парламент і цяпер кантралюе ўсе органы ўлады. А ўсіх чальцоў асамблеі кантралюе прэзідэнт Нікаляс Мадура.

Каго будуць судзіць і саджаць, ужо зразумела

Мадура і ягоныя прыхільнікі не раз абвінавачвалі ў прапагандзе нянавісці апазіцыю. Паводле сацыялістаў, ува ўсіх бедах, збядненні насельніцтва і пратэстах вінаватыя ворагі, якіх спансуюць Злучаныя Штаты.

Сітуацыю ўскладнілі кастрычніцкія выбары губернатараў.

»Па-першае, былі абраныя толькі 5 апазіцыянераў на губернатарскія пасады. Па-другое, іх пачалі прымушаць прынесці прысягу Канстытуцыйнаму сходу, а не парламенту. Яны пачалі адмаўляцца, але па выніках толькі адзін не прынёс гэтую прысягу. Паступова мы бачым, што гэты інстытут пачынае легалізавацца ў вачах венесуэльцаў«, – даводзіць адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Паводле Яўгена, у апошнія месяцы венесуэльцы пачалі расчароўвацца ў дзеяннях апазіцыі. Аднак у сітуацыі найцяжэйшага эканамічнага крызісу грамадства можа ўзарвацца ў любы момант. І ніякі закон пра талерантнасць не дапаможа.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Carlos Garcia Rawlins / Reuters / Forum