У Венесуэле - дэфіцыт наяўных грошай, людзі ўцякаюць за мяжу


Пакуль улада і апазіцыя спрабуюць распачаць дыялог, простыя грамадзяне ўцякаюць за мяжу. Гаворка гэтым разам пра Венесуэлу, дзе працягваецца эканамічны і палітычны крызіс. Гіперінфляцыя ў краіне, у выніку, давяла да дэфіцыту… наяўных грошай. Людзі вымушаныя стаяць у чэргах у банкі па некалькі гадзінаў. З гэтай прычыны ў адной з камунаў Каракаса нават пастанавілі ўвесці ўласную валюту.

Знайсці паразуменне пасля трох гадоў канфлікту і больш як 120 загінулых у пратэстах. Каля васьмі гадзінаў венесуэльская апазіцыя размаўляла з уладай. Пляцоўкай для сустрэчы выступіла Дамінікана. Перамовы ж пакуль эфекту не прынеслі.

«Мы яшчэ раз сустрэнемся з венесуэльскай апазіцыяй 11 студзеня. 12 студзеня мы працягнем перамовы ў прысутнасці міністраў замежных краінаў, якіх запрасілі ў якасці назіральнікаў. Мы застаемся аптымістычнымі», – заявіў міністр сувязі Хорге Радрыгез.

Прадстаўнікі ўлады разлічваюць, што апазіцыя дапаможа адмяніць санкцыі, накладзеныя Вашынгтонам з-за парушэння дэмакратычных стандартаў. Апазіцыя ж дамагаецца, каб прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура прыняў гуманітарную дапамогу з-за мяжы.

А сітуацыя ўнутры краіны сапраўды складаная. Праз праблемы з доступам да прадуктаў першай неабходнасці дзясяткі тысячаў венесуэльцаў ужо выехалі за мяжу.

«Мы не маем будучыні ў Венесуэле, заробку ні на што не хапае. Мы не можам нічога вырашыць, нават прадаўшы каву. Нам даводзіцца пераязджаць. Тут у Бразіліі валюта нечага вартая, венесуэльскі балівар не каштуе нічога», – кажа Салімар Маркес, венесуэльскі эмігрант у Бразіліі.

Зрэшты, гіперінфляцыя венесуэльскага балівара, якая па некаторых падліках дасягнула сёлета больш за 4 тысячы адсоткаў, давяла да таго, што ў людзей не хапае гатоўкі. У сувязі з гэтым у адной з камунаў Каракаса вырашылі ўвесці ўласную валюту – паналь.

«Сэнс у тым, каб умацаваць эканоміку на канкрэтных лакальных тэрыторыях. ПанАль не супернічае з іншымі валютамі, бо іх можна выменяць у любы момант. Гаворка ідзе аб тым, каб падтрымаць гаспадарку бедных, узмацніць народную гаспадарку і надаць ёй больш плынную дынаміку», – мяркуе Сальвадор Саляс з фундацыі «ALEXIS VIVE».

Адзін паналь прадаюць за 5000 балівараў, што эквівалентна 5 амерыканскім цэнтам на чорным рынку. Некаторым мясцовым жыхарам новаўвядзенне даспадобы – цяпер, прынамсі, не даводзіцца стаяць у велізарных чэргах па наяўныя грошы.

«З-за нястачы гатоўкі яны стварылі валюту, каб купляць прадукты, якімі нас забяспечвае камуна. У дадзеным выпадку мне гэта патрэбна для атрымання порцыі рысу, якая складае тры кілі на сямʼю», – распавядае жыхарка Каракаса Сінды Артэга.

Адметна, што гэткая сітуацыя склалася ў краіне, якая займае першае месца ў свеце па запасах нафты. Напрацягу апошніх 18 гадоў у Венесуэле бяззменна кіруюць левыя папулісты. Новыя выбары прэзідэнта маюць адбыцца ў краіне праз год. Прэзідэнт Нікаляс Мадура ўжо прыгразіў апазіцыйным партыям забаронай выставіць сваіх кандыдатаў на выбарах, што выклікала крытыку ЗША і Канады.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»