У Варшаве дзяцей вучаць беларускай мове


Заняткаў па-беларуску более! Але не ў Беларусі. Адзіная школка на роднай мове ізноў адкрыла свае дзверы для дзяцей і бацькоў, якія жывуць у суседняй Варшаве.

Вучыцца ў іншай краіне, але на роднай мове. Мара беларускамоўных бацькоў Варшавы здзяйсняецца тут, на вуліцы Серакоўскага, 9. Пабавіліся – і на заняткі. Што суботу тры групы дзяцей рознага ўзросту цягам трох гадзінаў спраўна вывучаюць беларускую мову, літаратуру, геаграфію і гісторыю. Самаму малодшаму навучэнцу – два з паловаю, старэйшаму – 11 гадоў.

«Ёсць вартасць у тым, што яны пазнаюць мову сваіх продкаў, і ў тым, што робяць штосьці новае», – кажа Ганна Чэрэвацкая.

Яна аддала ў школку дзвюх дачок – Зосю і Басю. Матывацыі прыходзіць сюды не губляе ўжо другі год – перадусім дзякуючы нефармальнай атмасферы, якую ствараюць настаўнікі. Ганна Плашчынская выкладае тут у тым ліку для свайго дзіцяці. Выкладчыца кажа:

«Даведалася пра тое, што стварылася вось такая школка і шукаюць настаўнікаў. У мяне адпаведная адукацыя, таму я выклікалася, бо не кожны хоча на такую працу ісці – гадзінаў даволі мала».

Спадар Зміцер прыязджае на працу штотыдзень з Кракава. Ледзь не траціна заробку сыходзіць на праезд, але матывацыя ўсё ж перамагае – давесці дзецям, што беларуская мова не абмяжоўваецца адным толькі нашым тэлеканалам ці размовамі бацькоў.

«Каб дзеці зразумелі, што іхная беларуская мова, аказваецца, існуе яшчэ ў іншай прасторы. Што ёсць іншыя дзеці, іншыя сем’і, іншыя школы, дзе яна запатрабаваная», – заўважае старшыня бацькоўскай рады школкі Уладзімір Міхневіч.

Не дазваляе школцы разгарнуцца мясцовая бюракратыя. Паводле заканадаўства, навучэнцы мусяць мець польскае грамадзянства. Больш абмежаванняў няма – дзверы школкі адкрытыя што суботу.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu